Трапіць у рознакаляровы кветнік і нацешыцца абуджэннем прыроды можна ў галерэі «Ракурс» Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі. Традыцыйны выставачны праект «Палітра вясны» закліканы нагадаць наведвальнікам пра надыход цёплай пары.
У экспазіцыі — больш за паўсотні букетаў, кветкавых кампазіцый і вясновых абстракцый, выкананых у розных стылях і тэхніках. Аўтары — вядомыя прадстаўнікі беларускага выяўленчага мастацтва, пераможцы творчых конкурсаў, уладальнікі ўзнагарод, выкладчыкі мастацкіх дысцыплін, удзельнікі першых вясновых выставак бібліятэкі «Кветкавы рай» (2007–2015), члены Беларускага саюза мастакоў, Еўразійскай мастацкай садружнасці, арт-студыі «Аквавір» і маладыя мастакі іншых творчых аб’яднанняў.
Чырвонай ніткай, што аб’ядноўвае ўсе работы выстаўкі, з’яўляецца класічны матыў у выяўленчым мастацтве — кветкі. Пяшчотны і далікатны вобраз жыве на палотнах мастакоў ужо шмат стагоддзяў. За гэты час сфарміравалася ўнікальная па сваёй сістэме мастацкая і свецкая мова кветак, якую разумеюць па ўсім свеце. Кожны від, сорт, колер і спалучэнне маюць сотні значэнняў: жыццё і смерць, каханне і разлука, прыгажосць і духоўнасць, росквіт і надзея. Беласнежныя і пунсовыя ружы як сімвалы чысціні і пакут сустракаюцца на хрысціянскіх выявах, высакародныя лілеі былі распаўсюджаны ў геральдычных і імператарскіх сюжэтах. Без кветак не абыйшліся легенды і міфы розных народаў свету. Асабліва напоўнены глыбокім падтэкстам кветкі ва ўсходняй культуры. Самага рознага кшталту інтэрпрэтацыі, увасабленні чакалі класічную выяву ў мастацкіх плынях ХІХ—ХХ стагоддзяў. «Рэшткі раю на зямлі», — так вызначыў сутнасць кветак Іаан Кранштацкі.
Класічны і шматгранны вобраз працягвае натхняць мастакоў з усяго свету. Выстаўка «Палітра вясны» праз кветкавы сімвалізм адлюстроўвае яркія імгненні вясны, яе настрой, эмоцыі і надзеі. У экспазіцыі прадстаўлены шэраг жывапісных жанраў ад традыцыйнага нацюрморта (Юлія Мацура «Каралавая раніца» (2025), Алег Курашоў «Блакіт» (2021), Ніна Голышава «Летні букет» (2015), Аляксандр Пакаціла «У чаканні вясны» (2025) і інш.) да смелай абстракцыі (Андрэй Сімончык «Уверцюра вясны» (2018), Андрэй Карпянкоў «Марозны дзень» (2018), Сяргей Шэмет «Халоднае святло» (2025) і інш.).
Апошнім часам на мастацкіх выстаўках усё часцей можна заўважыць творы, выкананыя ў традыцыйнай кітайскай тэхніцы. У экспазіцыі «Палітра вясны» прадстаўлены стыль «гунбі» (Арына Сауцкая «Сакура зацвіла — вясна прыйшла», 2025), які характарызуецца дэтальнай прапрацоўкай контураў і стараннай заліўкай колеру пластамі. Для гунбі мастакі выкарыстоўваюць тонкую рысавую паперу і мінеральныя фарбы, дзякуючы чаму расліны выглядаюць больш натуральна, а выява захоўваецца на доўгі час.Жывапісныя творы яркімі фарбамі і шырокімі мазкамі адлюстроўваюць насычаную плынь жыцця. Мастакі паспрабавалі паказаць далікатную тэкстуру суквеццяў, спалучыць пяшчоту і ўстойлівасць, расказаць гісторыю на мове кветак. Вытанчаныя акварэльныя работы прыўносяць у прастору галерэі водар вясновага красавання, размываючы межы паміж халоднай зімовай парой і светлай атмасферай вясны. Рэзкія графічныя штрыхі перадаюць зменлівасць і супярэчлівасць першых цёплых дзянькоў, падкрэсліваючы хуткаплыннасць і цыклічнасць жыцця.
Пазнаёміцца з мовай кветак і адчуць надыход вясны ў мастацкай галерэі «Ракурс» можна да 8 чэрвеня.