Top.Mail.Ru
228

Праблема дамашняга гвалту ў фокусе рознабаковага ўзаемадзеяння

Крымінальная хроніка часта адлюстроўвае толькі бачныя наступствы дамашняга гвалту, аднак у аснове гэтай праблемы знаходзяцца куды больш глыбокія парушэнні — прыніжэнне чалавечай годнасці, пастаяннае псіхалагічнае напружанне і страх. Аб глыбіні праблемы, дзейсных інструментах яе пераадолення і духоўна-маральна арыенцірах, якія дапамогуць папярэдзіць падобныя злачынствы, расказалі ўдзельнікі «круглага стала», арганізаванага па ініцыятыве ўпраўлення Следчага камітэта Рэспублікі Беларусь па Гомельскай вобласці. 


Абараніў закон


Прававую ацэнку фактам дамашняга гвалту зарэгістраваных на Гомельшчыне з пачатку бягучага года даў намеснік начальніка УСК па Гомельскай вобласці Дзмітрый Сцяпанчыкаў. Так, за 11 месяцаў бягучага года ў вобласці зарэгістравана 280 злачынстваў, звязаных з дамашнім гвалтам. Сярод пацярпелых — 215 жанчын, 17 непаўналетніх, 11 пажылых людзей і 2 іншыя асобы. У 2024 годзе следчыя зафіксавалі 376 такіх выпадкаў. Дынаміка паказвае зніжэнне на 25,5 %, аднак следчыя падкрэсліваюць, што праблема не страчвае актуальнасці. 

— Праблема дамашняга гвалту застаецца адной з самых складаных у праваахоўнай практыцы. Асаблівая небяспека заключаецца ў латэнтнасці злачынстваў. Многія ахвяры баяцца паведамляць пра здзейсненыя супрацьпраўныя дзеянні, і гэта стварае ўмовы для росту жорсткасці, адчування беспакаранасці ў агрэсара, — падкрэсліў намеснік начальніка ўпраўлення.
Як адзначыў Дзмітрый Сцяпанчыкаў, значная колькасць падазраваных у дамашнім гвалце злоўжываюць алкаголем, нідзе не працуюць, што толькі ўзмацняе сацыяльныя канфлікты і стварае ўмовы для агрэсіўных паводзін. Зарэгістраваныя сёлета факты падобных злачынстваў выявілі сур’ёзную небяспеку, з якой сутыкаліся непаўналетнія, пажылыя і іншыя сацыяльна безабаронныя асобы. 

Пазбаўленне волі і не толькі 

Намеснік начальніка УСК па Гомельскай вобласці прывёў канкрэтныя факты дамашняга гвалту, зарэгістраваныя ў рэгіёне ў гэтым годзе. Яны сведчаць не толькі пра высокую ступень жорсткасці з боку агрэсараў, але і пра шырокі спектр формаў гвалту. Так, пажылая жыхарка Веткаўскага раёна чыніла цяжкія фізічныя і псіхалагічныя дзеянні ў адносінах да свайго дзесяцігадовага ўнука. Жанчына (па яе тлумачэнні — у выхаваўчых мэтах) вымушала дзіця стаяць на каленях на крупах, фіксавала ўнука скотчам да табурэткі і наносіла ўдары па розных частках цела рукамі і рамянём. Сітуацыя выявілася супрацоўнікамі камісіі па справах.

Іншы інцыдэнт выявілі ў Мазыры, дзе бацька ў выхаваўчых мэтах прыкоўваў сына ланцугом да батарэі. Згодна з матэрыяламі справы, бацька адзін выхоўвае дзіця 2012 года нараджэння, маці якога памерла каля 10 гадоў таму. У сям’і пражывае прабабуля хлопчыка, але ў сілу старэчага ўзросту практычна не прымала ўдзел ў выхаванні праўнука. Як устаноўлена, са снежня 2022 года па студзень 2023 года мужчына не раз прывязваў свайго сына металічным ланцугом з замком да батарэі. Хлопчык быў пазбаўлены элементарных рэчаў: магчымасці выйсці з пакоя для прыёму ежы і адпраўлення натуральнай патрэбы. Факт пазбаўлення волі непаўналетняга ўскрыўся сацыяльнымі работнікамі. Падчас разгляду крымінальнай справы высветлілася, што хлопчык, сапраўды, не вызначаўся прыкладнымі паводзінамі. Бацька заўсёды ішоў на кантакт з педагогамі, наведваў бацькоўскія сходы. Умовы пражывання з’яўляліся здавальняючымі: у чатырохпакаёвай кватэры ў дзіцяці быў асобны пакой. Дзеянні абвінавачанага 42-гадовага жыхара Мазыра кваліфікаваны як незаконнае пазбаўленне волі. Прыгаворам суда яму назначана пакаранне ў выглядзе двух гадоў пазбаўлення волі са штрафам 100 базавых велічынь, прыменена адтэрміноўка выканання пакарання на два гады.

Дзмітрый Сцяпанчыкаў звярнуў увагу на асабліва жорсткі выпадак дамашняга гвалту, які адбыўся ў Жлобіне. Сужыцель маці прымяняў да дзевяцігадовага хлопчыка катаванні з мэтай атрымаць «прызнанне» ў дробным крадзяжы. Мужчына насыпаў у рот дзіцяці востры чырвоны перац, пасля чаго працягваў катаванне і насыпаў перац пад павекі вачэй хлопчыка. Ён прымусіў старэйшага брата ўтрымліваць малога. Мама хлопчыкаў у момант катаванняў знаходзілася ў суседнім пакоі і ніяк не рэагавала тое, што адбывалася. Пацярпелае дзіця забралі з сям’і, цяпер яно знаходзіцца ў прыёмных бацькоў. Дзеянні ж абвінавачанага кваліфікаваны як катаванне, учыненае ў адносінах да заведама непаўналетняга, які знаходзіцца ў залежным становішчы, і ўцягненне заведама непаўналетняга ва ўчыненне злачынства.

Распазнаць гвалт

Псіхалагічны аналіз паводзінаў агрэсара і ахвяры правяла загадчык кафедры псіхалогіі ГДУ імя Францыска Скарыны Таццяна Шацюк. Яна падкрэсліла, што дамашні гвалт выходзіць далёка за межы фізічных пабояў.

— Гвалт рэдка бывае аднамерным і вельмі часта спалучае фізічны, псіхалагічны, эканамічны, сексуальны гвалт і незадавальненне ў цэлым асноўных жыццёвых патрэб чалавека. Агрэсар, каб не быць пакараным, стварае маніпулятыўную схему, у якой ахвяра чакае ілюзорных змен у паводзінах агрэсара. Натуральна, псіхалагічны ціск на аб’ект гвалту прыводзіць да зніжэння самаацэнкі чалавека, узнікнення ў яго псіхасаматычных захворванняў, — падкрэсліла Таццяна Шацюк. Спецыяліст звярнула ўвагу, што ключавой прычынай латэнтнасці падобных злачынстваў застаецца нізкая псіхалагічная культура.

— Людзі не заўсёды распазнаюць гвалт. На гэта могуць уплываць і сямейныя ўстаноўкі, якія апраўдваюць жорсткасць, траўматычны вопыт у дзяцінстве. Не менш важкі фактар замоўчвання падобных злачынстваў — эканамічная залежнасць ахвяры, адсутнасць жылля і фінансавая незабяспечанасць прымушаюць ахвяр прыстасоўвацца і доўга трываць здзекі. Таму задача нас як спецыялістаў — павышаць псіхалагічную культуру, каб кожны чалавек мог распазнаць гвалт на ранняй стадыі і знайсці ў сабе сілы і рэсурсы для абароны, — выказала ўпэўненасць псіхолаг.

Змірэнне ў кантэксце праблемы 


Ролю духоўнага выбару ў супрацьдзеянні жорсткасці на сустрэчы акрэсліў настаяцель прыхода храма Скiткоўскай іконы Божай Маці ў Гомелі, протаіерэй Максім Калеватаў. 

— Свабода, якой надзяліў чалавека Гасподзь, — вялікі дар і вялікая спакуса, а гвалт — наступства свядомага выбару злоўжывання свабодай волі, дараванай Богам. Зло ўзнікае тады, калі чалавек выкарыстоўвае сваю свабоду для прыніжэння іншага, — нагадаў суразмоўца.

Як падкрэсліў протаіерэй Максім Калеватаў, хрысціянскае вучэнне ў падобных адносінах перасцерагае ад небяспечнай сузалежнасці, якая толькі ўзмацняе пакуты і загану чалавека. У дадзеным кантэксце часта падаецца няправільна хрысціянскае паняцце пакорлівасці — змірэння.

— Яно не павінна быць прыніжэннем. Калі цябе зневажаюць — аб якім змірэнні можа ісці гаворка? Таму хрысціянская пакорлівасць ніякім чынам не тоесная прыняццю гвалту, абраз і знявагі чалавечай годнасці, — падкрэсліў протаіерэй Максім Калеватаў.

Духоўны шлях не выключае, а прадугледжвае абарону сваёй годнасці, жыцця і здароўя, а таксама рашучыя дзеянні ў невыноснай сітуацыі, аж да разрыву дэструктыўных адносін.

Настаяцель прыхода храма Скiткоўскай іконы Божай Маці ў Гомелі нагадаў і аб хрысціянскім паняцці праведнага гневу як справядлівай рэакцыі хрысціяніна на зло ўнутры яго самога.
— Правільна накіроўваць гнеў — не на аб’ект перад табой. Правільны гнеў накіруй на самога сябе, калі ты не задаволены сваім маральным станам, тады гняўлівая частка душы — як каталізатар, рухавік, які прымушае цябе рухацца ў лепшы бок, — аб шляху духоўнага «лячэння» нагадаў суразмоўца.

Наталля КАПРЫЛЕНКА, 
фота аўтара

Чытайце таксама: Бабруйчанка сістэматычна збівала састарэлую маці

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю