Прадпрыемствы сістэмы Міністэрства прамысловасці Беларусі прымуць удзел у Міжнародным форуме-выстаўцы «Расійскі прамысловец — 2025», які пройдзе з 29 па 31 кастрычніка 2025 года ў Санкт-Пецярбургу ў КВЦ «Экспафорум», расказалі ў ведамстве.
Тут адзначылі, што наша краіна — шматгадовы партнёр форуму-выстаўкі. Сёлета на гэтым значным мерапрыемстве прадпрыемствы Мінпрама прадставяць шырокі спектр сваёй прадукцыі, прадэманстраваўшы дасягненні ў галіне прамысловай вытворчасці і інавацыйных тэхналогій.
Калектыўная экспазіцыя арганізацый Міністэрства прамысловасці складзе амаль 140 «квадратаў», дзе сваю прадукцыю прадставяць 17 арганізацый: акцыянерныя таварыствы БЕЛАЗ, Магілёўліфтмаш, Зеніт (г. Магілёў), Інтэграл, Станкабудаўнічы завод імя Кірава, Вістан, МЗОР, БАТЭ і іншыя.
У ходзе выстаўкі будуць прадстаўлены ўзоры прадукцыі, якая выпускаецца ў галіне станкабудавання, аўтамабілебудавання і прыборабудавання, інавацыйных распрацовак, новай інавацыйнай, імпартазамяшчальнай і экспартаарыентаванай прадукцыі. Прадстаўнікі прадпрыемстваў галіны правядуць перагаворы з зацікаўленымі ў супрацоўніцтве партнёрамі з мэтай устанаўлення новых дзелавых сувязяў і ўзаемавыгаднага супрацоўніцтва, а таксама азнаёмяцца з найноўшымі дасягненнямі ў галіне навукі і тэхнікі, новымі відамі прадукцыі і тэхналогіямі вытворчасці.
— Форум-выстаўка «Расійскі прамысловец — 2025» з’яўляецца адной з ключавых платформ для абмеркавання актуальных пытанняў развіцця прамысловасці, абмену вопытам і ўстанаўлення дзелавых кантактаў, — адзначылі ў Мінпраме. — Удзел беларускіх прадпрыемстваў у гэтай падзеі падкрэслівае імкненне краіны да далейшага развіцця, умацавання супрацоўніцтва з расійскімі партнёрамі і пашырэння экспартных магчымасцяў.
У ведамстве дадалі, што ўдзел у форуме стане важным крокам для прадпрыемстваў галіны, які дасць магчымасць не толькі прадэманстраваць высокую якасць беларускай прадукцыі, але і наладзіць новыя дзелавыя сувязі, якія будуць спрыяць развіццю эканомік абедзвюх краін.