Top.Mail.Ru

Прадстаўнікі больш як 40 краін зарэгістраваліся для ўдзелу ў выстаўцы «ІНАПРАМ. Беларусь»

Прадстаўнікі больш як 40 краін зарэгістраваліся для ўдзелу ў выстаўцы «ІНАПРАМ. Беларусь». Аб гэтым паведаміў на прэс-канферэнцыі старшыня Беларускай гандлёва-прамысловай палаты Міхаіл Мятлікаў, перадае БелТА.



«Радзіма „ІНАПРАМА“ — гэта Екацярынбург, Расійская Федэрацыя. Беларусь ужо больш за 10 гадоў рэгулярна ўдзельнічае ў гэтых выстаўках. У мінулым годзе ўпершыню ў Мінску прайшла выстаўка „ІНАПРАМ. Беларусь“. У гэтым годзе яна збірае ў Мінску таксама шмат удзельнікаў і гасцей, — сказаў Міхаіл Мятлікаў. — Калі па выніках мінулай выстаўкі „ІНАПРАМ. Беларусь“ у нас былі амаль 14 тыс. прафесійных наведвальнікаў з 24 краін свету, то ўжо на сённяшнюю раніцу мы можам дакладна сказаць, што ў нас прайшлі электронную рэгістрацыю прадстаўнікі больш як 40 краін свету. Гэта практычна ўсе кантыненты. Бізнес гэтых краін будзе ўдзельнічаць у рабоце выстаўкі, знаёміцца ​​з нашай прадукцыяй. Загадзя прайшлі рэгістрацыю амаль 10 тыс. наведвальнікаў, але гэта лічба яшчэ вырасце — выстаўка яшчэ не пачалася, час ёсць».

Акрамя Беларусі і рэгіёнаў Расіі, на выстаўцы будуць прадстаўлены стэнды Азербайджана, Узбекістана, Кыргызстана, Казахстана, а таксама новых краін-удзельніц — Ірана і Камбоджы. «У час выстаўкі „ІНАПРАМ. Беларусь“ запланавана вялікая дзелавая праграма. У прыватнасці, пройдзе пасяджэнне кіраўнікоў гандлёва-прамысловых палат краін СНД. Асноўная яго тэма — кангрэсна-выставачная дзейнасць. Таксама ў час выстаўкі пройдзе пасяджэнне Беларуска-казахстанскага дзелавога савета і Беларуска-кыргызскага дзелавога савета. Запланаваны прэзентацыі, будзе падпісаны шэраг кантрактаў», — адзначыў старшыня БелГПП.

Як паведаміла дырэктар выставачнага ўнітарнага прадпрыемства «Белінтэрэкспа» БелГПП Ірына Іванова, беларуская экспазіцыя поўнасцю сфарміравана. «Звыш 160 прадпрыемстваў прадставяць свае распрацоўкі і прадукцыю ў павільёне Рэспублікі Беларусь. Таксама ў нас сфарміравана і вулічная экспазіцыя, якая займае плошчу больш за 3 тыс. кв.м. Мы індывідуальна працавалі з кожным прадпрыемствам, дапамагалі ім узгадняць планіроўку стэндаў, выбар экспанатаў, лагістыку і іншыя арганізацыйныя пытанні. Для нас самая галоўная задача — каб была максімальная аддача ў кожнага прадпрыемства. У павільёне Беларусі будуць сабраны ўсе галіны прамысловасці: машынабудаванне, транспарт, аўтакампаненты, мікраэлектроніка, хімічная прамысловасць і нафтахімія, навука. Адзначу, што шырока прадстаўлены і прыватны бізнес. Тут за адзін дзень можна спакойна ўбачыць усю прамысловасць Беларусі — ад трактара да мікрасхемы. Вядома ж, у гэтым годзе будуць прадстаўлены навінкі. Гэта і экалагічны транспарт, і беспілотныя комплексы, і мікраэлектроніка, і медыцынская тэхніка, інтэрактыўныя рашэнні, сельскагаспадарчая і камунальная тэхніка. За кожнай з гэтых навінак стаіць канкрэтнае прадпрыемства, якое хоча здзівіць і паказаць сваю прадукцыю на стэндах», — адзначыла яна.

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю