Top.Mail.Ru

Прадстаўнікі галіновага прафсаюза павіншавалі ваеннаслужачых з Днём пагранічніка

У святочны дзень сустрэча прадстаўнікоў Беларускага прафсаюза работнікаў АПК з ваеннаслужачымі — прадстаўнікамі сельскагаспадарчай галіны прайшла ў Камянецкім раёне на базе 5-й заставы імя Героя Савецкага Саюза І. П. Барсукова 86-й пагранічнай групы. Прадстаўнікі прафсаюзаў прыехалі не толькі для віншаванняў, але найперш дзеля адкрытага дыялогу.


За круглым сталом, у нефармальнай абстаноўцы, за кубкам гарбаты сабраліся людзі, аб’яднаныя агульнымі каштоўнасцямі — павагай да працы, пачуццём адказнасці і любоўю да роднай зямлі. Шмат гаварылі аб службе, абавязку і вяртанні дадому. У прыватнасці, аб перспектывах хлопцаў пасля вяртання.

Старшыня Брэсцкай абласной арганізацыі прафсаюза работнікаў АПК Аляксандр Саланевіч падкрэсліў, што сёння хлопцы дастойна выконваюць воінскі абавязак, а задача прафсаюзаў — падтрымаць іх на ўсіх жыццёвых этапах. Нам важна, каб хлопцы ведалі, што іх чакаюць не толькі дома, але і на працоўных месцах — у гаспадарках і прадпрыемствах аграпрамысловага комплексу.

Ён таксама расказаў пра канкрэтныя меры падтрымкі, якія ўжо дзейнічаюць, напрыклад, на сельскагаспадарчых прадпрыемствах: «У большасці калектыўных дагавораў арганізацый прадугледжаны выплаты для тых, хто вяртаецца пасля войска. Мы хочам, каб малады чалавек, выканаўшы абавязак перад Радзімай, прыйшоў туды, дзе яго таксама чакаюць. Дзе гатовы падтрымаць і даць магчымасць годна зарабляць. Войска гартуе характар, а наша задача даць магчымасць ужыць гэтую загартоўку ў мірным жыцці», — адзначыў Аляксандр Саланевіч.


Трэба адзначыць, што такая ініцыятыва — не разавая акцыя. Галіновы прафсаюз асаблівую ўвагу аказвае маладым людзям, якія пайшлі на тэрміновую службу пасля аграрных устаноў адукацыі або работы ў сельгасарганізацыях. Прадстаўнікі прафсаюза наведваюць маладых людзей па месцы праходжання воінскай службы, арганізоўваюць урачыстыя чаяванні за круглым сталом, віншуюць са святамі, а таксама ўзнагароджваюць тых, хто найбольш вызначыўся падчас нясення службы.

Дарэчы, вайскоўцы 5-й заставы ацанілі такі падыход і з задавальненнем дзяліліся сваімі гісторыямі: расказвалі, кім працавалі да прызыву, дзяліліся і планамі на будучыню.


Кульмінацыяй сустрэчы стала ўручэнне заставе сертыфікату на набыццё спартыўнага інвентару.

Алена КРАВЕЦ

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю