Top.Mail.Ru

Прадстаўнікі гандлю — пра жорсткія меры і перавагі сучаснага пакупніка

Не праМАРГаць сітуацыю на спажывецкім рынку

Міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю (МАРГ) сумесна з урадам выпрацавала шэраг мер, каб выключыць сітуацыі з адсутнасцю якаснай бульбы ў шэрагу магазінаў , якія здарыліся сёлетняй вясной. Пра гэта на прэс-канферэнцыі, прысвечанай Дню работнікаў гандлю, заявіла намеснік міністра антыманапольнага рэгулявання і гандлю Святлана КАРАТКЕВІЧ. Падпісаны Указ кіраўніка дзяржавы, у адпаведнасці з якім стабілізацыйныя фонды, якія штогод фарміруюцца, пераходзяць у сістэму дзяржзаказу.

Будзем з бульбай

У межах гэтага ўказа распрацоўваецца пастанова ўрада для ўрэгулявання ўзаемаадносін паміж вытворцамі і гандлёвымі арганізацыямі.

— Пры гэтым мы чакаем, што гэта будуць якасныя, дзелавыя, узаемавыгадныя адносіны паміж пастаўшчыком і пакупніком у асобе гандлёвых арганізацый. Каб выключыць падобныя факты, якія мы адзначалі ў красавіку — маі, прадугледжана адміністрацыйная адказнасць за невыкананне ўзятых на сябе абавязацельстваў як адным, так і другім бокам. Спадзяемся, што сітуацыя будзе вырашацца шляхам дагаворных адносін паміж суб’ектамі. Тым часам адміністрацыйная адказнасць прадугледжана ў памеры да 

200 базавых велічынь пры невыкананні сваіх абавязацельстваў для юрыдычных асоб і ў памеры да 12 базавых велічынь — для фізічных асоб, — паведаміла Святлана Караткевіч. — Мяркую, што гэта мера будзе стрымліваць ад няправільных падыходаў у вырашэнні такіх пытанняў.

Намеснік міністра адзначыла, што ўсе запыты, якія ўзнікаюць, МАРГ рэгулярна вырашае з суб’ектамі гандлю. Праводзяцца сустрэчы з прадстаўнікамі гандлёвых сетак, дзе разглядаецца насычэнне спажывецкага рынку таварамі і выпрацоўваюцца рашэнні, якія б задавальнялі і МАРГ, і гандлёвыя сеткі. У першым паўгоддзі былі правераны 3 344 гандлёвыя аб’екты, у тым ліку і на прадмет насычэння іх таварамі айчыннай вытворчасці. Кантрольныя мерапрыемствы сведчаць аб наяўнасці шырокага асартыменту беларускіх тавараў як харчовых, так і нехарчовых груп.

Купляем беларускае

Пры гэтым, як падкрэсліла Святлана Караткевіч, дагэтуль актуальнае пытанне аб павелічэнні продажу тавараў айчыннай вытворчасці на ўнутраным рынку.

  • — Мы прааналізавалі сітуацыю з 2015-га — росту, на жаль, не адзначалася. З году ў год мы назіраем падзенне продаж тавараў айчыннай вытворчасці. Разам з тым, згодна з афіцыйнай статыстыкай, сёлетні другі квартал стаў пераломным. Калі раней мы пастаянна назіралі зніжэнне продажу долі тавараў айчыннай вытворчасці, то ўжо ў красавіку-чэрвені адзначаем рост па харчовых таварах на 1 %, па нехарчовых — на 1,1 %. Гэта сведчыць, што сёння і гандлёвыя, і прамысловыя прадпрыемствы дастаткова сур’ёзна адносяцца да выканання тых паказчыкаў і даручэнняў, якія ставяцца ўрадам, — адзначыла Святлана Караткевіч.

Яна нагадала, што ў нашай краіне для павелічэння продажу айчынных тавараў дзейнічае механізм спажывецкага крэдытавання (пад 4 % гадавых на тры гады) на мэблю, бытавую тэхніку і іншыя тавары айчыннай вытворчасці. На 1 ліпеня ў межах гэтай праграмы аформлена 54 тысячы крэдытных дагавораў на суму 300 мільёнаў рублёў.

Намеснік міністра адзначыла, што ў гандлёвыя сеткі сёння паступае нязначная частка крытычнага імпарту, каб закрыць патрэбу ў тых прадуктах і таварах, якія ў нас не вырабляюцца. З харчовай групы гэта чай, кава, некаторыя віды круп і рыбы. А на зніжэнне долі продажу айчынных тавараў моцна ўплывае інтэрнэт-гандаль. Менавіта праз маркетплэйсы ў Беларусь завозіцца істотная частка імпартных нехарчовых тавараў, прычым 60 % ад іх складаюць вырабленыя ў Расіі. Пры гэтым сегмент інтэрнэт-гандлю пастаянна расце.

Маркетплэйсы — у прававое поле

На сёння ў Беларусі зарэгістравана больш за 27 тысяч інтэрнэт-крам.

— З году ў год мы назіраем істотны прырост тавараабароту па маркетплейсах, якія працуюць на тэрыторыі краіны, — адзначыла Святлана Караткевіч. — Доля ўкладу ў тавараабарот інтэрнет-гандлю складае практычна 12 %, а яшчэ два гады таму — толькі 6 %.

У сувязі з павелічэннем сегменту інтэрнэт-гадлю МАРГ плануе зраўняць патрабаванні да маркетплэйсаў і прадаўцоў інтэрнэт-крам. Як паведаміла начальнік упраўлення арганізацыі гандлю і грамадскага харчавання МАРГ Наталля МЕЛЬНІКАВА, сёлета ведамства падрыхтавала 44 праекты нарматыўна-прававых актаў, 21 з іх ужо выдадзены. У галіне гандлю і грамадскага харчавання распрацоўваецца некалькі нарматыўна-прававых актаў, якія накіраваны і на рэгуляванне бізнесу. Распрацоўваецца праект указа, якім прадугледжваюцца амаль такія ж патрабаванні да маркетплэйсаў, як і да прадаўцоў інтэрнет-магазінаў. Гэта дазволіць спажыўцу, які набывае тавар праз маркетплэйс, лепш разумець, якія ў яго правы, як ён можа вярнуць тавар, і хто павінен адказаць на яго зварот. Праект указа прадугледжвае такія пытанні.

У высокай ступені гатоўнасці знаходзіцца праект указа, які падрыхтаваны з мэтай стварэння дадатковых умоў для развіцця гандлю на тэрыторыі сельскай мясцовасці. Ён прадугледжвае зняцце абмежаванняў на пашырэнне гандлёвых плошчаў для юрыдычных асоб, доля якіх у аб’ёме рознічнага тавараабароту харчовых тавараў за папярэдні год перасягнула 20 %. У некаторых раёнах Віцебскай, Мінскай і Магілёўскай абласцей такія суб’екты гандлю змогуць і далей пашырацца.

Жорсткае, але неабходнае рэгуляванне

Сфера гандлю сёння займае другое месца па ўдзельнай вазе ў ВУП краіны пасля апрацоўчай прамысловасці. У ёй працуюць больш за 562 тысячы чалавек, 70–80 % складаюць жанчыны. Сярэдні ўзрост работнікаў — 30–40 гадоў.

Інфраструктура налічвае 122 тысячы гандлёвых аб’ектаў з гандлёвай плошчай больш за 7 млн кв. м. Сацыяльныя стандарты выконваюцца з запасам. У краіне працуюць 593 гандлёвыя цэнтры, 344 рынкі. Што да апошніх, то іх з развіццём сеткавага гандлю становіцца менш, але ў цэлым фармат запатрабаваны.

— На рынках больш жорсткімі сталі патрабаванні да работы і прадаўцоў, і адміністрацыі. Магчыма, на сёння гэта жорсткае рэгуляванне, але яно неабходнае, бо мы бачым колькасць зваротаў па цэнам, у першую чаргу на плодаагароднінную прадукцыю, якія дзейнічаюць ў магазіне і на рынках. На апошніх кошты часта ў разы вышэйшыя. І сёння законапраект па гэтай частцы таксама прымаецца, — праінфармавала Святлана Караткевіч

Развіваецца і сфера грамадскага харчавання, колькасць аб’ектаў павялічваецца. Адкрываюцца кавярні, у тым ліку ў аграгарадках, сельскай мясцовасці.

Рознічны тавараабарот па выніках шасці месяцаў — на ўзроўні 109 %. На станоўчую дынаміку, як і летась, паўплывалі такія фактары, як рост рэальных грашовых даходаў насельніцтва, крэдытная актыўнасць, якая сёння забяспечваецца ў першую чаргу сацыяльнымі праектамі банкаў, перавага продажу валюты насельніцтвам над пакупкай на ўнутраным валютным рынку і інш.

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю