Top.Mail.Ru

Прадстаўнікі грамадскіх арганізацый расказалі пра ключавыя напрамкі работы ў Год беларускай жанчыны

На сустрэчы ў Доме прэсы адбылася прэс-канферэнцыя, дзе эксперты расказалі аб ключавых праектах і ініцыятывах, якія рэалізуюцца грамадскімі аб’яднаннямі ў Год беларускай жанчыны і накіраваны на падтрымку нашых суайчынніц, умацаванне інстытута сям’і, развіццё жаночага лідарства і іншае. 


— У канцы 2025 года мы сумесна з Міністэрствам юстыцыі запусцілі бясплатныя юрыдычныя кансультацыі для грамадзян, — падзялілася памочнік старшыні Беларускага саюза жанчын Марына Дзенісевіч. — У Год беларускай жанчыны будзем кожны квартал праводзіць бясплатную юрыдычную кансультацыю для ўсіх, хто мае патрэбу. 

Таксама прадоўжыцца адзін з ключавых праектаў БСЖ «Здароўе жанчыны — здароўе нацыі», у рамках якога медыкі сустракаюцца з жаночымі калектывамі прадпрыемстваў і арганізацый. Асаблівая ўвага зараз надаецца прафілактыцы анкалагічных захворванняў. Спецыялісты адукоўваюць беларусак і матывуюць іх своечасова праводзіць скрынінгі, каб выяўляць праблемы на ранніх стадыях і своечасова іх лячыць. 


Сёлета ўпершыню БСЖ далучыцца да конкурсу «Прыгажосць Беларусі» для шматдзетных маці, а таксама ўпершыню правядзе конкурс «Супер-бабуля Беларусі» і форум жанчын-навукоўцаў. А самым галоўным праектам года, па словах Марыны Дзенісевіч, стане форум, прысвечаны 35-годдзю БСЖ і ролі жанчыны ў сучасным свеце, які плануецца правесці ў снежні.

Намеснік старшыні «Белай Русі» Андрэй Басак прывёў шэраг прыкладаў цікавых ініцыятыў на месцах. У прыватнасці расказаў, як жыхарка Крычава прапанавала ў родным горадзе ажыццявіць праект, сутнасць якога ў тым, каб настаўнікі і бацькі рэгулярна праводзілі адкрытыя ўрокі працы для юнакоў, вучылі іх правільна карыстацца інструментам, прывівалі навыкі сталярнай справы.

— Мінская гарадская арганізацыя «Белай Русі» сумесна з Інстытутам гісторыі НАН Беларусі задумала і рэалізавала інфармацыйна-асветніцкі праект — напісала біяграфічныя нарысы аб 35 выдатных ураджэнках Мінска, і тых, хто прыехаў у сталіцу і ўнёс свой уклад у яе развіццё, — адзначыла старшыня Мінскай гарадской арганізацыі РГА «Белая Русь» Наталля Воранава. — А яшчэ мы задумалі на працягу года збіраць маладзёжную аўдыторыю, запрашаць жанчын-спікераў і весці дыялог аб нашых сучасніцах. 

Старшыня Мінскай абласной арганізацыі РГА «Патрыёты Беларусі» Ірына Сінькевіч расказала пра медыяпраект, які ініцыявалі члены Аршанскай раённай арганізацыі, — «Нябачныя мамы асаблівых дзяцей». Ён расказвае аб мамах, якія гадуюць дзяцей з абмежаванымі магчымасцямі, дзяцей-інвалідаў. Мэта такога праекта — пазнаёміць суайчыннікаў з гэтымі самаахвярнымі жанчынамі, іх паўсядзённай працай. 


Сакратар цэнтральнага камітэта Беларускага рэспубліканскага саюза моладзі Павел Алекса расказаў пра праект «Каралева студэнцтва», які праходзіць зараз у рэгіёнах і ўяўляе сабой адбор ВНУ, гарадскія і абласныя адборы. Гэты праект дазволіць вылучыць самых таленавітых, актыўных і мэтанакіраваных дзяўчат. 

— Таксама мы пачынаем праект «Жаночыя імёны на карце Беларусі», які праходзіць у форме інтэлектуальных віктарын, квізаў і накіраваны на вывучэнне імёнаў славутых жанчын у нашай гісторыі, — дадаў Павел Алекса. — Інфармацыйная акцыя «Жаночы твар Беларусі» прадугледжвае арганізацыю сустрэч сучаснай моладзі з тымі дзяўчатамі і маладымі жанчынамі, якія ім цікавыя.

Дырэктар рэспубліканскай мастацкай галерэі, член Беларускага саюза мастакоў Марыя Зыкава пазнаёміла з праектам, які праходзіць у Рэспубліканскай мастацкай галерэі і называецца «Стваральніцы». Ён заснаваны на пераасэнсаванні работ, якія захоўваюцца ў фондах БСМ і належаць беларускім знакамітым майстрам XX стагоддзя. 

— У нас атрымалася прадставіць іх у адзінай канцэпцыі, дзе жанчына выступае сілай, якая ўтрымлівае ўвесь Сусвет, — падкрэсліла Марыя Зыкава. — А да 9 мая прымеркаваны наш праект «Яе перамога», дзе гледачы змогуць пабачыць мастацкія творы, прысвечаныя жанчыне на вайне.

Таксама спікеры распавялі пра шматлікія валанцёрскія ініцыятывы грамадскіх арганізацый. Сярод іх — «Ялінка жаданняў» (праект «Патрыётаў Беларусі»), рух «Добрае сэрца», «Ланцужок дабра», «Усе фарбы жыцця для цябе» (праекты БРСМ), «Збяром партфель разам» (БСЖ), «Проста быць разам» («Белая Русь»). 

Андрэй Басак расказаў пра тое, што з 2024 года «Белая Русь» сумесна з РНПЦ трансфузіялогіі і медыцынскіх біятэхналогій рэалізуюць праект «Белая Русь — родная кроў», прысвечаны Міжнароднаму дню донара: дзякуючы яму здадзена ўжо звыш 9 тысяч данацый.

Вольга ПЯТРОВА

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю