На мінулым тыдні ў Зэльве і Віцебску прайшлі цікавыя і карысныя для прадстаўнікоў мясцовага самакіравання мерапрыемствы. У Зэльве з удзелам Старшыні Савета Рэспублікі Наталлі Качанавай кіраўнікі мясцовых Саветаў дэпутатаў Гродзенскай і Брэсцкай абласцей абмеркавалі пытанні прадстаўлення гандлёвых паслуг насельніцтву, удзяляючы асаблівую ўвагу пасёлкам гарадскога тыпу і сельскім населеным пунктам. Таксама былі разгледжаны пытанні работы дашкольных устаноў і ўстаноў агульнай сярэдняй адукацыі. У Віцебску з удзелам Старшыні Палаты прадстаўнікоў Ігара Сергяенкі адбыўся Першы рэгіянальны форум «Мясцовае самакіраванне ў Віцебскай вобласці: Агульная справа. Дыялог пра будучыню», на якім прадстаўнікі мясцовых Саветаў (у тым ліку і запрошаныя госці з Расіі) дзяліся досведам эфектыўнага кіравання.
Аб удзеле ў мерапрыемствах спікераў палат Парламента мы пісалі ў суботнім нумары «Звязды». Сёння ж раскажам падрабязнасці вуснамі ўдзельнікаў — прадстаўнікоў мясцовага самакіравання.

Гандаль на вёсцы — пытанне няпростае
Як расказаў старшыня Зэльвенскага раённага Савета дэпутатаў Вадзім Панасік, пытанне функцыянавання гандлёвых аб'ектаў у вёсцы стаіць востра. Магазіны закрываюцца з-за таго, што пакупніцкая здольнасць у сельскіх населеных пунктах ніжэйшая. Аднак выдаткі на ўтрыманне гандлёвых пунктаў застаюцца высокімі. У прыватнасці, на гэты працэс уплываюць транспартныя выдаткі. У Гродзенскай вобласці сёлета закрылася 19 магазінаў. Каб задаволіць запатрабаванні сельскіх жыхароў, выкарыстоўваюцца перасоўныя гандлёвыя пункты, якія часта становяцца асноўным спосабам гандлю ў невялікіх вёсках. У канцы мінулага года ў Зэльвенскім раёне была набытая новая аўтакрама. Насельніцтва Зэльвенскага раёна складае крыху больш за 12 000 чалавек, па агульных мерках рэгіён нягуста населены. Але гэта не значыць, што яго жыхары не павінны мець доступ да ўсіх выгод.
— Крамы зачыняюцца, але кіраўніцтва раёна імкнецца аператыўна рэагаваць на гэта. Так, у нашым рэгіёне працуе 4 аўтакрамы. Важна правільна распрацаваць маршрут як у зімовы, так і ў летні час, каб усім было зручна, — падкрэсліў Вадзім Панасік.
Закрануў і другое не менш важнае пытанне.
— На дадзены момант актуальнае пытанне падрыхтоўкі да новага навучальнага года і функцыянавання школьных кірмашоў. Мы запрашаем арганізацыі да нас, але па зразумелых прычынах яны выбіраюць буйнейшыя гарады. Аднак у невялікіх населеных пунктах таксама пражываюць людзі. Таму імкнёмся прыцягнуць як мага больш прадаўцоў, — расказаў Вадзім Панасік.
Старшыня Галынкаўскага сельвыканкама Дзмітрый Сухалет зазначае, што наладзіць камфортную работу гандлёвых аб'ектаў цалкам рэальна. Абслугоўванне прадстаўлена філіялам Гродзенскага аблспажыўтаварыства, ёсць прыватная крама, усяго 7 аб'ектаў.
— Людзі могуць набыць увесь пералік тавараў, якія завозяцца ў тэрмін, а іх якасць і свежасць на кантролі. Крамы заязджаюць двойчы на тыдзень, ёсць магчымасць заказаць тавары, якіх няма ў стандартным пераліку. Канешне, цесна ўзаемадзейнічаем з раённым выканаўчым камітэтам, вырашаем усе пытанні разам. Імкнёмся прыцягнуць як мага больш прадаўцоў, — расказаў Вадзім Панасік.
Аб важнасці ўзаемадзеяння выканаўчай і заканадаўчай улады гаварыў старшыня Гродзенскага аблвыканкама Юрый Караеў. Ён адзначыў, што дэпутаты базавага і першаснага ўзроўню — гэта тыя, хто напрамую працуе з людзьмі і іх праблемамі. Прычым маштаб іх вельмі розны: ад неасфальтаванай дарогі да здачы малака.
— Выканаўчая ўлада часцей за ўсё дзейнічае па паказчыках, задачах, функцыях. І часам чыноўнік праз гэты працэс можа перастаць бачыць людзей. А народныя выбраннікі, дэпутаты, слухаюць людзей, унікаюць у іх праблемы. Іх выбралі, каб яны чулі запыт грамадства і перадалі яго. Вось прыйдзе дэпутат да чыноўніка, той адарве галаву ад папер, па баках паглядзіць і скажа: «Ты маеш рацыю, ёсць праблема». І разам яны яе вырашаць. Таму вельмі выдатна, што ладзяцца падобныя сустрэчы. Важна быць як мага бліжэй да рэгіёнаў, слухаць мясцовых дэпутатаў.

Каб работа была эфектыўнай
У Віцебску народныя выбраннікі дзяліліся досведам арганізацыі работы на месцах. Так, старшыня Аршанскага раённага Савета дэпутатаў Іна Хамутоўская расказала, што акцэнт у раёне зрабілі на аднаасобныя органы тэрытарыяльнага самакіравання — старэйшын у сельскай мясцовасці, а ў горадзе — на тэрытарыяльнае грамадскае самакіраванне (ТГС).
На тэрыторыі сельскіх саветаў у Аршанскім раёне выбрана 167 старэйшын, якія дапамагаюць узаемадзеянню ўлады і насельніцтва. Гэта актыўныя, неабыякавыя людзі. Іна Хамутоўская запэўніла, што работа са старэйшынамі дазволіла вырашыць нямала жыццёва важных пытанняў для сельскага насельніцтва.
— Напрыклад, летась значны аб'ём пытанняў ад старэйшын датычыўся стану грунтовых дарог у сельскіх населеных пунктах. На 2025 год у раённым бюджэце былі запланаваны грашовыя сродкі, і на сёння ў пяці сельскіх саветах грунтовыя дарогі працягласцю 30 км адрамантаваны. Прычым закрытыя пытанні, якія стаялі на кантролі не адзін год, — удакладніла яна.
У Оршы грамадскае самакіраванне налічвае ў сваім складзе 247 чалавек і 8 калегіяльных органаў ТГС, гэты працэс яшчэ працягваецца.
— Для арганізацыі зваротнай сувязі і цеснага ўзаемадзеяння актыўна выкарыстоўваюцца агульныя чаты ў сацыяльных сетках, што дае магчымасць трымаць руку на пульсе і аператыўна рэагаваць на вострыя праблемныя пытанні, — падзялілася Іна Хамутоўская.
Да таго ж з удзелам актывістаў гэтых фарміраванняў праводзяцца рэгулярныя агляды жылога фонду, абследаванне дваровых тэрыторый, на падставе якіх складаюцца планы рамонтных работ.
Старшыня Друеўскага сельскага Савета Браслаўскага раёна Ганна Бялюн падзялілася досведам работы з моладдзю ў аграгарадку:
— У 2024 і 2025 годзе атрымалі фінансаванне дзве моладзевыя ініцыятывы. Гэта інфармацыйна-навігацыйная сістэма «Музей пад адкрытым небам» і клуб гістарычнай рэканструкцыі. Дзякуючы гэтаму да нас пачало прыязджаць шмат турыстаў. З'явіліся навігацыйныя знакі і невялікія шыльды, якія расказваюць, што на дадзеным месцы адбывалася. А гістарычныя касцюмы дапамагаюць яшчэ больш пагрузіць турыстаў у багатую гісторыю аграгарадка, — падзялілася яна.
Безумоўна, вялікая ўвага ў раёне ўдзяляецца і добраўпарадкаванню: рамонтам, з'яўленню новых аб'ектаў. Так, у Друі ў хуткім часе з'явіцца «Сквер памяці вайны», у якім знаходзіцца воінскае пахаванне. Вакол плануюць паставіць інфармацыйныя стэнды і зрабіць выхад да брацкай магілы.
Досведам муніцыпальных рэформаў у суседняй Расіі на форуме падзяліўся старшыня Смаленскай абласной Думы Ігар Ляхаў.
— У мінулым годзе ў 25 муніцыпалітэтах з 27 у нас адбылася муніцыпальная рэформа, сутнасць якой зводзіцца да наступнага: нашы раёны цяпер прадстаўляюцца як акругі. Кіраўнікі акруг ізноў былі выбраныя, як і акруговыя Саветы дэпутатаў. А кіраўнікі пасялковыя цяпер прадстаўлены ў выглядзе камітэта, — адзначыў ён.
Па словах Ігара Ляхава, такім чынам яны ўзмацнілі вертыкаль улады і сканцэнтравалі сельскія бюджэты ў руках кіраўніка акругі. Фактычна атрымаўся фінансавы манеўр для таго, каб аператыўна вырашаць задачы, якія ўзнікаюць у тым ці іншым населеным пункце.

Фота Лізаветы ГОЛАД