«Наша праца прыносіць радасць людзям»
«Пачынальнікам стаў тата»
Ала Крыўко, якая цяпер працуе на прадпрыемстве кладаўшчыком, расклала ўсё па палічках:
— Пачынальнікам нашай працоўнай сямейнай дынастыі стаў мой тата, Іван Папко, які працаваў на заводзе электрыкам каля 25 гадоў. На вялікі жаль, ён рана пайшоў з жыцця, яму было ўсяго 52 гады... У 1990 годзе прыйшоў працаваць на камбінат кіроўцам аўтамабіля мой муж, Уладзімір Крыўко. Сама я ў той час была ў водпуску па доглядзе дзіцяці. Спачатку муж працаваў вадзіцелем кіраўніка прадпрыемства, а потым перасеў на малакавоз. Я ў 1993 годзе ўладкавалася працаваць на Лепельскі МКК кладаўшчыком. Пазней мне прапанавалі працаваць прадаўцом у краме «Лепелька». Гэтай рабоце я прысвяціла дзесяць гадоў. Потым зноў перайшла на склад, і ўжо не развітваюся з ім дваццаць гадоў.
— Як пачынаецца ваш працоўны дзень?
— Работнікі склада вядуць прыём з цэхаў сухога малака, якое расфасавана ў мяхі. Потым пачынаецца адгрузка малака ў машыны, вагоны, якія накіроўваюцца ў Алжыр, Узбекістан, Расію... Геаграфія паставак нашай прадукцыі вельмі шырокая. Вядома, кожны дзень я адчуваю вялікую адказнасць: работнікі склада павінны зрабіць дэталёвы ўлік прадукцыі, мець дакладныя даныя, куды і колькі сыравіны накіравана. Аднак за шмат гадоў работа стала для мяне любімай справай, таму ніякіх цяжкасцяў не заўважаю.

Усебаковая падтрымка
Любімая работа стала важнай часткай жыцця Алы Іванаўны.
— Я ведаю, што якая б сітуацыя ні здарылася ў жыцці, мяне заўсёды падтрымаюць калегі, — упэўнена яна. — У свой час мы з мужам актыўна ўдзельнічалі ў шматлікіх мерапрыемствах, што праводзіліся на камбінаце. Абаранялі гонар прадпрыемства і на раённым узроўні. Цяпер у творчых конкурсах, турыстычных злётах актыўна ўдзельнічае наша моладзь, і мы ганарымся ёю.
Сёлета ў працоўным жыцці Алы Крыўко адбылася прыемная падзея: у ліку лепшых работнікаў розных галін яе імя было занесена на раённую Дошку гонару. У мінулым годзе там з’явілася імя яе дачкі Таццяны.
— Вельмі важна, што кожны з работнікаў прадпрыемства можа разлічваць на фінансавую падтрымку ў выпадку цяжкай жыццёвай сітуацыі, хваробы і гэтак далей. З боку кіраўніцтва кожны адчувае клопат аб сабе і надзейную падтрымку, — дадае Ала Іванаўна.
І хоць рабоце жанчына аддае шмат сіл, яна заўсёды знаходзіць час для любімай сям’і.
У выхадныя яны з мужам чакаюць у госці сваіх дзяцей і ўнукаў, для якіх бабуля выпякае духмяныя пірагі і іншыя апетытныя стравы.
У летні час Ала Крыўко разам з мужам і дзецьмі з задавальненнем выязджаюць на дачу, дзе яны працуюць і адпачываюць.
Сваіх чацвярых унукаў Ала Іванаўна
лічыць галоўным багаццем. Старэйшая, Ангеліна, набывае спецыяльнасць эканаміста ў Полацкім дзяржаўным эканамічным каледжы. Данііл, якому споўнілася 14 гадоў, — васьмікласнік. Трэцяму ўнуку, Аляксандру, дзесяць гадоў, сёлета ён заканчвае чацвёрты клас. А самы малодшы, 8-гадовы Цімафей, вучыцца ў другім класе. Малодшая дачка Алы і Уладзіміра Крыўко, Кацярына, працуе з актыўнай моладдзю раёна, з’яўляецца першым сакратаром раённага камітэта ГА «БРСМ».

«Нашу прадукцыю любяць і дзеці, і дарослыя»
Сваю любоў да прафесіі Ала Іванаўна перадала і старэйшай дачцэ, Таццяне Ладзік, якая адразу пасля заканчэння школы прыйшла працаваць на прадпрыемства кладаўшчыком. Вадзіцелем малакавоза на заводзе працуе і яе муж Яўген.
— Працаваць на камбінат я прыйшла ў 2009 годзе аператарам цэнтралізаванага мыцця, — расказвае Таццяна. — Вядома, я адчувала хваляванне: усюды новыя ўстройствы, абсталяванне, работай якога трэба кіраваць. Я разумела, што ад таго, на якім узроўні выканаю сваю работу, залежыць якасць малака. У першыя дні мяне падтрымалі вопытныя калегі. Дзякуючы іх парадам я стала адчуваць сябе больш упэўнена і паступова, крок за крокам, дэталёва асвоіла свае працоўныя абавязкі. Так я і працавала да дэкрэтнага адпачынку. Праз тры гады вярнулася на прадпрыемства. Была прызначана кладаўшчыком суцэльнамалочнай прадукцыі. Праз кароткі час стала мамай у трэці раз. Пасля водпуску па доглядзе дзіцяці стала кладаўшчыком на складзе сухога малака, масла і марожанага, дзе працую ўжо сем гадоў. Сваю работу вельмі люблю, таму што яна прыносіць радасць людзям. Кожны раз, калі на склад паступае чарговая партыя прадукцыі, я разумею, што яе любяць і дзеці, і дарослыя. Лепельскае марожанае — самае смачнае! Ганаруся, што наша прадукцыя на шматлікіх выстаўках і конкурсах займае толькі першыя месцы. Прыемна ўсведамляць, што ў агульны поспех робіць свой унёсак і наша сям’я. Да таго ж мы працуем у зладжаным і дружным калектыве людзей, якія добра ведаюць сваю справу. Я аддала прадпрыемству ўжо 17 гадоў і іншага месца працы для сябе не ўяўляю.
Таццяна ганарыцца тым, што менавіта тут, на Лепельскім малочнакансервавым камбінаце, адпрацавалі шмат гадоў яе дзядуля, дзядуля мужа, які быў вадзіцелем малакавоза, бацькі, а потым перанялі працоўную эстафету і яны з мужам.
— Маладым спецыялістам, якія толькі прыйшлі працаваць на прадпрыемства, я шчыра жадаю цвёрда ісці да пастаўленай мэты, адчуваць асаблівую адказнасць за даручаную справу і ніколі не губляць выдатны настрой. Ад таго, на якім узроўні выканае работу кожны з нас, залежыць агульны поспех прадпрыемства, прадукцыя якога — гонар нашай краіны!
Святлана СІЛЬВАНОВІЧ
Фота Валерыя КАРТУЛЯ