Top.Mail.Ru

Прадстаўнікі сямейнай дынастыі Семяніда аддалі больш за 100 гадоў службе ў міліцыі

4 сакавіка сваё прафесійнае свята адзначаюць тыя, хто са дня ў дзень бездакорна служаць закону, народу, Айчыне — супрацоўнікі органаў унутраных спраў. Гэта людзі, якія пастаянна знаходзяцца на пярэднім краі барацьбы са злачынствам, справай даказваючы адданасць краіне і народу Беларусі. Дзень міліцыі для сям’і Семяніда — свята павышанай значнасці, бо гэту нялёгкую прафесію абралі для сябе цэлых чатыры пакаленні.


Раман Леанідавіч Семяніда — начальнік аддзела аператыўна-інфармацыйнай работы крымінальнай міліцыі УУС Віцебскага аблвыканкама — прадстаўляе якраз чацвёртае пакаленне праваахоўнікаў. За плячыма мужчыны амаль 25 гадоў службы: пасля Акадэміі МУС пачынаў оперупаўнаважаным АБЭЗ у Першамайскім РАУС Віцебска, пасля быў вопыт работы ва ўпраўленні па барацьбе з эканамічнымі злачынствамі УУС, займаў пасаду начальніка АБЭЗ у Чыгуначным РАУС, а з 2010 года Раман працуе ва ўпраўленні ўнутраных спраў Віцебскага аблвыканкама. 

Іншага прафесійнага шляху ў юнака Ромы быць не магло: перад вачамі заўсёды быў яркі прыклад бацькі Леаніда Мікалаевіча, які аддаў службе ў міліцыі амаль 30 гадоў. «Ніхто не прымушаў мяне зрабіць такі выбар, аднак калі ўсё дзяцінства ты чуеш захапляльныя гісторыя з бацькоўскай работы, а часам даводзілася і пабываць у аддзеле, нябачна праймаешся любоўю да гэтай прафесіі, усведамляеш яе важнасць і неабходнасць. Яшчэ мне вельмі падабалася работа ратавальнікаў, аднак вагі жыцця нахіліліся ў іншы бок. І я задаволены сваёй прафесіяй, ніколі не думаў, каб яе змяніць», — успамінае Раман Леанідавіч.

Яго бацька Леанід Мікалаевіч — асоба ў радах Бешанковіцкага РАУС сапраўды легендарная. Пачынаў міліцыянерам-вадзіцелем трэцяга разрада, праз паўгода атрымаў павышэнне да ўчастковага інспектара міліцыі групы крымінальнага вышуку. У насычанай біяграфіі афіцэра было шмат прыступкаў на служэбным шляху, звальняўся ў запас у званні маёра з пасады намесніка начальніка міліцыі грамадскай бяспекі і спецыяльнай міліцыі — начальніка аддзялення аховы правапарадку і прафілактыкі Бешанковіцкага райаддзела. У скарбонцы асабістых дасягненняў ён і дагэтуль беражліва захоўвае медалі «За бездакорную службу» трэцяй і другой ступеняў, знак «Выдатнік міліцыі», юбілейныя медалі і шэраг ганаровых грамат. 

«Сёння, з вышыні пражытых гадоў, я бачу, што бацька літаральна „гарэў“ сваёй справай. Ён ніколі не прыносіў дадому негатыў, якога, паверце, у гэтай прафесіі хапае, хіба толькі дзяліўся цікавымі здарэннямі ці тлумачыў, чаму форма пахне дымам. На пасадзе ўчастковага бацька праводзіў моцную прафілактычную работу з насельніцтвам, атрымлівалася не дапускаць і папярэджваць злачынствы. У той час законапаслухмянасць грамадзян была вышэйшая, мала хто злоўжываў алкаголем, што служыць прычынай сямейных канфліктаў. Ён і з нас, дзяцей, вырасціў дастойных людзей», — характарызуе бацьку Раман.

А родапачынальнікам дынастыі міліцыянераў у сям’і Семяніда стаў прадзед Іван Емяльянавіч, які нарадзіўся ў 1903 годзе. У 1928 годзе ён скончыў Мінскую школу міліцыі імя М. В. Фрунзэ, да пачатку вайны працаваў следчым у Бешанковіцкім і Чашніцкім РАУС. Прайшоў вайну, на шчасце, без сур’ёзных раненняў, а з наступленнем мірнага жыцця працаваў у органах пракуратуры. 

Працягнуў справу бацькі Мікалай Іванавіч, дзядуля Рамана. Да 1951 года ён служыў ва ўнутраных войсках, а пасля прыйшоў на працу міліцыянерам Бешанковіцкага райаддзела. Выйшаў на пенсію, аддаўшы службе 29 гадоў. Калегі характарызавалі Мікалая Семяніду як прафесіянала з вялікай літары, доказам таго служаць і шматлікія узнагароды, якія дагэтуль як сямейную рэліквію захоўваюць сын і ўнук: знак «Выдатнік міліцыі», медалі «За бездакорную службу» усіх трох ступеняў, «За Перамогу над Германіяй» і іншыя. 

Цікава, што любоў да службы ў органах унутраных спраў у гэтай дынастыі перадаецца не толькі па мужчынскай лініі — сястра Рамана Марына ўслед за братам паступіла ў Акадэмію МУС у 2004 годзе. Яе першым і адзіным месцам работы стала Мінскае раённае ўпраўленне ўнутраных спраў, дзе Марына Леанідаўна і дагэтуль працуе ўчастковым інспектарам міліцыі па справах непаўналетніх. 

Цяпер вялікай сям’і складана часта збірацца разам з адным сталом, аднак і дзеці, і дарослыя ведаюць, што Дзень міліцыі — адно з самых важных сямейных святаў, на якім трэба быць. А Леаніда Мікалаевіча абавязкова віншуюць яшчэ і 10 лістапада — ў дату, якая раней лічылася Днём савецкай міліцыі. Ён, дарэчы, на пенсіі з’яўляецца актыўным удзельнікам ветэранскага руху Бешанковіцкага РАУС і пастаянна знаходзяцца ў курсе аператыўнай абстаноўкі раёна. 

Акрамя шматлікіх прафесійных дасягненняў, галоўным Раман Леанідавіч лічыць пераемнасць пакаленняў і сваю сям’ю — мужчына шчаслівы бацька траіх дзетак. І цалкам верагодна, што сын Кірыл працягне сямейную дынастыю, стаўшы прадстаўніком пятага пакалення праваахоўнікаў. 

Фота з архіва сям’і Семяніда

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю