Top.Mail.Ru

Прадстаўнікі традыцыйных канфесій і нацыянальна-культурных аб’яднанняў ушанавалі памяць ахвяр Шталага-352

Сёлета, калі будзе адзначацца 85-годдзе пачатку Вялікай Айчыннай вайны, памятныя мерапрыемствы на мемарыяле ў Масюкоўшчыне на тэрыторыі былога нямецкага лагера для савецкіх ваеннапалонных набываюць асаблівае значэнне У гэтым месцы адбывалася адна з першых ваенных трагедый. Салдаты і афіцэры, якія ў пачатку вайны трапілі ў палон, падвяргаліся катаванням, утрымліваліся ў нечалавечых умовах. 


Сёння гэтых ахвяр мы ўшаноўваем як герояў. Вядома, што фашысты спрабавалі вербаваць савецкіх салдат, прапаноўвалі перайсці на іх бок, але ваеннапалонныя Шталага-352 не здрадзілі Айчыне, а прынялі пакутніцкую смерць. Пра іх згадваюць у малітвах Крыжаўзвіжанскага храма, які пабудаваны побач з мемарыялам, на базе яго створаны і музей, прысвечаны подзвігу ваеннапалонных — вязняў Шталага-352.

Упаўнаважаны па справах рэлігій і нацыянальнасцяў Аляксандр Румак, які прыехаў ускласці кветкі разам з прадстаўнікамі традыцыйных канфесій і нацыянальна-культурных аб’яднанняў, заўважыў, што захаванне памяці аб абаронцах Айчыны і ахвярах генацыду беларускага народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны вельмі важнае: «Беларускую зямлю абаранялі і вызвалялі прадстаўнікі больш як 70 нацыянальнасцяў. Гэта было агульнай справай». На мемарыяльныя месцы сёння прыязджаюць нашчадкі тых, хто не вярнуўся. Памяць святая для ўсіх, незалежна ад нацыянальнасці і веравызнання. Агульныя традыцыі, адчуванне, наколькі важна захаваць мірнае неба, па словах Аляксандра Румака, умацоўваюць грамадства. 


Мітрапаліт Мінскі і Заслаўскі Веніямін, Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі, адзначыў, што царква ў сваім служэнні з’яўляецца захавальніцай не толькі духоўнай, але і гістарычнай спадчыны беларускага народа: «Важна, каб царква сведчыла грамадству аб гісторыі. Каб падрастаючае пакаленне памятала радасныя моманты і трагічныя, зыходзячы з гэтага асэнсоўвала дзень сённяшні, з удзячнасцю да папярэднікаў цаніла тое, што мае. І разам з тым клапацілася, каб пазбегнуць памылак і трагедый». 

Муфтый Мусульманскага рэлігійнага аб’яднання ў Беларусі Абу-Бекір Шабановіч перажыў вайну, калі быў маленькім хлопчыкам. Гэта ўласная гісторыя з малых гадоў сфарміравала асаблівае стаўленне: «Дзе б не знаходзіўся, я заўсёды імкнуся перадаць гэту памяць, асабліва ў рабоце з дзецьмі і моладдзю». Ён прыгадаў, што ў 1960-х гадах працаваў у сярэдняй школе, якая знаходзілася недалёка ад месца масавага знішчэння ваеннапалонных. Тады яшчэ ў Масюкоўшчыне не было мемарыялу ахвярам Шталагу-352. А ён прыходзіў сюды з вучнямі сярэдніх і старэйшых класаў. Тут яны згадвалі пра жахлівыя падзеі, прыбіралі тэрыторыю. Муфтый упэўнены, што захаванне і перадача памяці наступным пакаленням — важны складнік патрыятычнага выхавання і захавання міру. 

Алена ДЗЯДЗЮЛЯ


arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю