Top.Mail.Ru

Прадстаўнікоў СМІ ўзнагародзіла кіраўніцтва Мінска

У гісторыка-культурным комплексе «Лошыцкі» ўчора, 5 мая, прайшла ўрачыстая цырымонія ўзнагароджання работнікаў СМІ, прысвечаная Дню друку і Дню работнікаў радыё, тэлебачання і сувязі, пад назвай «Заўсёды ў цэнтры падзей — сёння ў цэнтры ўвагі». Сярод узнагароджаных — і супрацоўнікі Выдавецкага дома «Звязда».

Старшыня Мінскага гарвыканкама Уладзімір Кухараў падзякаваў журналістам за самаадданую працу і падкрэсліў, што яны — людзі, якія жывуць сваёй прафесіяй. «Журналіст — гэта чалавек, які не баіцца цяжкасцяў, заўсёды гатовы ісці да канца і адстойваць сваю пазіцыю. Ён гатовы даць людзям аб’ектыўнае разуменне любой, нават самай складанай сітуацыі. А для гэтага неабходна дасканала разабрацца ў пытанні, што не заўсёды проста ў свеце, дзе інтэрнэт часта ставіць у аснову паток інфармацыі, а не яе сутнасць», — адзначыў мэр Мінска.

Ён дадаў, што журналісты заўсёды першыя на месцы, каб асвятліць тэму. «Я хачу падзякаваць вам за гэтую неацэнную дапамогу: калі ў складаныя моманты вы ўключаецеся, каб аб’ектыўна данесці інфармацыю», — сказаў Уладзімір Кухараў. Старшыня таксама адзначыў важнасць пераемнасці ў гэтай рабоце.


У сваю чаргу старшыня Мінскага гарадскога Савета дэпутаў Арцём Цуран падзякаваў гарадскім і рэспубліканскім СМІ за сумесную працу. «Дэпутатаў асвятляюць шмат, і самае галоўнае — гэтая інфармацыя праўдзівая. Тым самым мы разам з вамі даносім да насельніцтва важныя падзеі і моманты, якія адбываюцца ў сценах Мінскага гарадскога Савета і ў жыцці нашага горада ў цэлым. Вельмі сімвалічна, што мы сёння сабраліся тут, у гэтым гістарычным месцы, дзе ўсе дрэвы, сцены і дарожкі прасякнуты гісторыяй горада. Гэта своеасаблівы летапіс нашага горада, і журналіст — гэта таксама своеасаблівы летапісец. За гэты летапіс вам вялікі дзякуй, таму што нашым нашчадкам застануцца вашы здымкі, рэпартажы, аўдыязапісы, інтэрв’ю і гэтак далей. Усё гэта — наша гісторыя», — сказаў ён.

За значны асабісты ўклад у рэалізацыю дзяржаўнай інфармацыйнай палітыкі, усебаковае асвятленне грамадска-палітычнага, эканамічнага і культурнага жыцця г. Мінска спецыяльны карэспандэнт рэдакцыі газеты «Звязда» РВУ «Выдавецкі дома «Звязда» Яна Валасач была ўдастоена Падзякі ад Мінскага гарадскога Савета дэпутатаў.

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю