Top.Mail.Ru

Прадстаўніца Беларусі Лізавета Цупрык набрала максімальны бал у дзіцячым музычным конкурсе «Віцебск»

Інтрыга XXІV Міжнароднага дзіцячага музычнага конкурсу «Віцебск» вырашылася на карысць беларускі ЛІЗАВЕТЫ (Лізы Цупрык). Па выніках двух дзён выступленняў яна набрала найбольшую колькасць балаў журы: максімальныя 60 у першы і 70 — у другі.



— Гэта было маё лепшае выступленне з песняй «Мой дом», якую спецыяльна для мяне напісаў кампазітар Валерый Шмат. Яна пра мой дом, сям’ю, пра ўсіх, хто ў ім, пра нашу родную Беларусь. Спяваць пра наш край на фестывалі міжнароднага маштабу — вялікі гонар, — падзялілася ўражаннямі адразу пасля выступлення Лізавета ЦУПРЫК. — Сапраўды была праведзена сур’ёзная і вялікая работа. Я рада, што ў мяне атрымалася выдаць свой максімум менавіта тут, на «Славянскім базары», да якога я столькі гадоў рыхтавалася. Вельмі дапамагла падтрымка аркестра, я адчувала калектыў як сваю каманду. Ёсць палёгка ад таго, што справілася з такой вялікай адказнасцю.

У першы дзень творчага спаборніцтва, калі дзеці выконвалі саўндтрэкі да фільмаў і мультфільмаў, дастойную канкурэнцыю ёй склала прадстаўніца Казахстана Жасміна Тузелава, якой налічылі таксама 60 балаў. Наогул дзеці выглядалі сапраўднымі артыстамі, дэманструючы харызму, выбітныя вакальныя даныя, валоданне голасам як інструментам, артыстызм, здольнасць захапіць і ўтрымаць публіку. Віцебскі глядач з прыхільнасцю сустракаў усіх канкурсантаў, гучнасць апладысментаў раней за адзнакі журы выдавала, хто зрабіў найбольшае ўражанне. Трэба сказаць, меркаванні залы і журы супадалі.

Калі параўноўваць дзяцей з кветкамі, можна сцвярджаць, што букет сініх фестывальных васількоў удзельнікі Міжнароднага дзіцячага музычнага конкурсу «Віцебск-2026» аздобілі краскамі сваіх земляў. Юныя прадстаўнікі 19 краін сталі іх добрымі пасланцамі, сваім з’яўленнем у Віцебску аздобілі фестываль адметнымі рысамі сваіх краёў, падзяліліся талентам, усмешкамі, надзеямі. Яшчэ раз атрымаць асалоду ад сустрэчы з канкурсантамі можна на гала-канцэрце з іх удзелам, што адбудзецца ў КЗ «Віцебск» 17 ліпеня. Там жа пройдзе цырымонія ўзнагароджання пераможцаў.

Гран-пры конкурсу і галоўны прыз — «Залатая ліра» — знойдзе свайго героя падчас урачыстага адкрыцця вялікага фестывалю.

Святлана ЯКАЎЛЕВА


Дарэчы

Цырымонія ўзняцця сцяга Міжнароднага фестывалю мастацтваў «Славянскі базар у Віцебску» адбылася 15 ліпеня

Гэта нязменная традыцыя доўжыцца на працягу 35 гадоў, сімвалізуючы, што ў гасціннай паўночнай сталіцы Беларусі галоўнай тэмай на парадку дня стаў менавіта фестываль.
Каля галоўнай пляцоўкі фэсту, Летняга амфітэатра, разам з фестывальным цяпер развіваюцца сцягі 52 краін, прадстаўнікі якіх сёлета прымаюць удзел у мерапрыемствах вялікага свята творчасці і сяброўства.
arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю