Алена Маргунова падкрэсліла, што «пяцівугольнік» знака якасці сімвалізуе пяць крытэрыяў: бяспека, экалагічнасць, тэхналагічнасць, інавацыйнасць і эстэтычнасць. Кожны з іх уключае ў сабе мноства кірункаў. Параметры прапісаныя. «Вытворцы пацвярджаюць адпаведнасць усім заяўленым патрабаванням», — падкрэсліла старшыня Дзяржаўнага камітэта па стандартызацыі, дадаўшы, што прадукцыя з Дзяржаўным знакам якасці карыстаецца попытам і за мяжой.
Што да ММЗ, то надзейнасць і бяспека работы рухавіка — залог безадмоўнай работы тэхнікі. «На Мінскім маторным заводзе прадстаўленая разнапланавая лінейка рухавікоў, выведзеныя на рынак новыя віды прадукцыі. Прапанаваныя інавацыйныя рашэнні. Усе працэсы выбудаваныя», — адзначыла Алена Маргунова.

Падчас прэс-туру на ММЗ паказалі ключавыя мадэлі, актуальныя распрацоўкі і перспектыўныя ўзоры. У тым ліку быў прадстаўлены рухавік 3ld, які ўдастоены Дзяржаўнага знака якасці па выніках 2025 года. Таксама журналістам прадэманстравалі абсталяванне, якое дазваляе праводзіць выпрабаванні па міжнародных стандартах — шумавую і маразільную камеры, а таксама прамысловы 3D-прынтар — тэхналогіі адытыўнай вытворчасці, якія прадпрыемства ўкараняе ў серыйныя працэсы. На зборачным канвееры ўстаноўлены сучасныя станкі. Абноўлены лініі, якія забяспечваюць высокую дакладнасць.
Як адзначылі ў Дзяржстандарце, кампанія па прысваенні Дзяржаўнага знака якасці працягваецца. Ад больш чым 150 прадпрыемстваў краіны паступілі заяўкі на ацэнку звыш 260 найменняў прадукцыі. У галіновай структуры суіскальнікаў лідзіруюць харчовыя тавары (44%). Далей ідзе прадукцыя вытворча-тэхнічнага прызначэння (33%), а замыкаюць спіс прамысловыя тавары для насельніцтва (23%).

Дакументы вытворцаў праходзяць усебаковую і строгую праверку. Ацаніць такі паказчык, як «эстэтычнасць» — знешняе выкананне тавараў-прэтэндэнтаў, можа кожны жыхар краіны. Адкрытае анлайн-галасаванне прадоўжыцца на партале «Якасць.БЕЛ» да 26 ліпеня. Прадукцыю ўжо ацанілі каля 37 тыс. спажыўцоў.
Выніковыя заключэнні пра адпаведнасць або неадпаведнасць прадукцыі крытэрыям падрыхтуюць і накіруюць у Дзяржстандарт не пазней за 1 жніўня. Далей адбудзецца пасяджэнне Рэспубліканскай атэстацыйнай камісіі, дзе будзе вынесена канчатковае рашэнне па тых таварах, якія паспяхова вытрымалі праверку па ўсіх пяці паказчыках якасці.
Галоўнай навіной кампаніі 2026 года стала ўзмацненне жорсткасці правілаў адбору. Дзяржаўны знак якасці не можа быць прысвоены прадукцыі, у назве якой выкарыстоўваюцца замежныя геаграфічныя найменні, не звязаныя з тэрыторыяй Рэспублікі Беларусь. Увядзенне нормы абумоўлена неабходнасцю ўмацавання нацыянальнай ідэнтычнасці, папулярызацыі айчынных брэндаў.

«Новая норма ніяк не абмяжоўвае правы суб’ектаў гаспадарання. Вытворцы захоўваюць за сабой поўнае права вырабляць і прадаваць тавары пад любымі зарэгістраванымі брэндамі ў рамках дзейнага заканадаўства. Разам з тым, паколькі Дзяржаўны знак якасці з’яўляецца вышэйшай формай прызнання, устанаўленне жорсткіх патрабаванняў да геаграфічнай прывязкі ў назве выступае абсалютна правамерным фільтрам», — адзначылі ў Дзяржстандарце.
Як паказвае практыка апошніх гадоў, рашэнне адрадзіць гістарычную традыцыю прысваення Дзяржаўнага знака якасці было своечасовым і стратэгічна апраўданым для эканомікі. Яно дало магутны імпульс для здаровай канкурэнцыі ўнутры краіны, стаўшы важным элементам дзяржаўнай палітыкі па павышэнні канкурэнтаздольнасці айчынных тавараў. На працягу двух гадоў вытворца мае права выкарыстоўваць Дзяржаўны знак якасці пры маркіроўцы прадукцыі, а таксама ў дакументах і рэкламных матэрыялах. Таксама ён можа карыстацца стымулюючымі льготамі і прэферэнцыямі.