Top.Mail.Ru

Праект галіновага прафсаюза «Шлях Перамогі» аб’ядноўвае рэгіёны да Дня Перамогі

Беларускі прафсаюз работнікаў жыллёва-камунальнай гаспадаркі і сферы абслугоўвання рэалізуе рэспубліканскі патрыятычны праект «Шлях Перамогi». Ініцыятыва праходзіць ужо другі год і аб’ядноўвае ветэранаў, моладзь і прафсаюзны актыў вакол галоўнай мэты — захавання гістарычнай памяці. У гэтым годзе ўдзельнікамі мерапрыемстваў стануць больш за 700 чалавек па ўсёй краіне.


Праект уключае некалькі напрамкаў: добраўпарадкаванне воінскіх пахаванняў і мемарыялаў, наведванне музеяў і памятных мясцін, экскурсіі на вытворчыя аб’екты, а таксама інфармацыйныя сустрэчы і круглыя сталы з удзелам кіраўнікоў галіновага прафсаюза. Асаблівая ўвага — падключэнне да ініцыятывы моладзі — навучэнцаў і студэнтаў профільных спецыяльнасцяў і маладых работнікаў сферы ЖКГ.

Так, маладыя людзі з пяці раёнаў — Слонімскага, Лідскага, Навагрудскага, Карэліцкага і Зэльвенскага — ужо сустрэліся ў Слоніме. Цэнтральнай падзеяй старту праекта стала тэматычная дыялогавая пляцоўка, якая разгарнулася на базе КУП «Водаканал Слонім».


У рамках праекта таксама адбылася сустрэча ў Мінску, у якой прынялі ўдзел прадстаўнікі галіновага прафсаюза і моладзь. Прытрымліваючыся традыцыі, яны ўсклалі кветкі ў памяць аб загінулых у гады Вялікай Айчыннай вайны. Ключавой падзеяй сустрэчы стала лекцыя на тэму «Нюрнбергскі працэс: як здарылася правасуддзе», падчас якой удзельнікі абмеркавалі актуальныя пытанні захавання гістарычнай памяці.

У Круглянскім раёне форум сабраў некалькі дзясяткаў чалавек з розных куткоў Магілёўскай вобласці. Сярод удзельнікаў — маладыя і вопытныя работнікі, а таксама ветэраны арганізацый, аб’яднаных галіновым прафсаюзам. У рамках мерапрыемства было арганізавана наведванне Круглянскага гісторыка-краязнаўчага музея, адбылося ўскладанне кветак да помніка воінам 222-й стралковай Смаленска-Брандэнбургскай Чырванасцяжнай ордэна Суворава дывізіі. Фінальным акордам мерапрыемства стала правядзенне дыскусійнай пляцоўкі «Подзвіг, які аб’ядноўвае пакаленні» на тэрыторыі экатуркомплексу «Мікалаеўскія сажалкі».

У Мінскай вобласці ў мерапрыемстве прынялі ўдзел больш за 40 маладых спецыялістаў сферы жыллёва-камунальнай гаспадаркі са Смалявіцкага, Мінскага, Дзяржынскага і Маладзечанскага раёнаў. У рамках сустрэчы таксама адбылася дыялогавая пляцоўка, прысвечаная 81-й гадавіне Вялікай Перамогі і 40-годдзю з дня аварыі на Чарнобыльскай АЭС. Пасля абмеркавання ўдзельнікі наведалі Парк дружбы народаў і ўсклалі кветкі да помніка «Ахвярам Чарнобыля». Завяршальным пунктам праграмы стала наведванне мастацкай галерэі Міхаіла Савіцкага, дзе зараз праходзіць выстава, прысвечаная 40-годдзю з дня аварыі на Чарнобыльскай АЭС.

У Брэсцкай крэпасці ўдзельнікі ўсклалі кветкі да Вечнага агню. Удзел у цырымоніі прынялі старшыня Брэсцкай абласной арганізацыі прафсаюзаў ЖКГ і сферы абслугоўвання і маладзёжны актыў вобласці.


«Сёння мы павінны рабіць усё магчымае для захавання гістарычнай памяці і праўды. Наш абавязак — перадаць маладому пакаленню сапраўдную гісторыю подзвігу народа. Асабліва важна праводзіць гэту работу сярод нашай моладзі, таму што менавіта ёй трэба будзе берагчы будучыню краіны. Праект „Шлях Перамогi“ — гэта не проста мерапрыемствы, гэта ўрок мужнасці і пераемнасці пакаленняў», — падкрэсліў Юрый Дарагакупец, старшыня Беларускага прафсаюза работнікаў ЖКГ і сферы абслугоўвання.

Мерапрыемствы ў рамках праекта намечаны на красавік-май бягучага года.

Алена КРАВЕЦ

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю