Мінск афіцыйна атрымаў статус маладзёжнай сталіцы Рэспублікі Беларусь 2026 года — званне, якое падкрэслівае вядучую ролю горада ў развіцці маладзёжнай палітыкі, падтрымцы ініцыятыў і стварэнні прастор для самарэалізацыі новага пакалення. На працягу года беларуская сталіца будзе з’яўляцца цэнтрам прыцягнення для актыўнай, творчай і амбіцыйнай моладзі з усёй краіны. Падрабязней аб тым, чым сёлета беларуская сталіца будзе здзіўляць маладых людзей з усіх куткоў нашай краіны, расказалі на тэматычнай прэс-канферэнцыі «Мінск — маладзёжная сталіца Рэспублікі Беларусь — 2026».
«Калі аб’ектыўна, па розных крытэрыях Мінск можна аднесці да маладзёжнай сталіцы»
Статус маладзёжнай сталіцы — гэта не толькі ганаровае званне, але і маштабная платформа для рэалізацыі ідэй, развіцця лідарства, умацавання дыялогу паміж пакаленнямі і фарміравання сучаснага маладзёжнага асяроддзя. 2026 год стане часам новых праектаў, яркіх падзей і аб’яднаўчай энергіі, якая дазволіць моладзі Беларусі заявіць пра сябе гучна і ўпэўнена. Як адзначыў член Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі па міжнародных справах і нацыянальнай бяспецы, начальнік галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы і па справах моладзі Мінскага гарвыканкама Аляксандр Лук’янаў, для беларускай сталіцы сам факт атрымання такога высокага статусу — вялікая адказнасць. «Калі аб’ектыўна, па розных крытэрыях Мінск можна аднесці да маладзёжнай сталіцы, бо практычна адна чацвёртая частка моладзі ўсёй нашай краіны пражывае, працуе, вучыцца на тэрыторыі сталіцы. Гэта 396 тысяч маладых людзей, — канкрэтызаваў ён. — Вядома ж, большая частка ўстаноў вышэйшай адукацыі, прадпрыемстваў і маладых спецыялістаў таксама сканцэнтравана тут. Унікальная інфраструктура, якая пастаянна развіваецца кіраўніцтвам горада, таксама вабіць маладых людзей. Толькі за апошні год у нас з’явіліся такія знакавыя аб’екты, як Дом моладзі з вялікай актавай залай, з адпаведнымі аўдыторыямі, дзе маладыя людзі могуць бавіць час з карысцю, рабіць гэта на бязвыплатнай аснове. Гэта, можна сказаць, дом для ўсіх грамадскіх арганізацый».
Аляксандр Лук’янаў падкрэсліў, што «Маладзёжная сталіца» — гэта праект, які накіраваны на розныя мэтавыя аўдыторыі. «Гэта і школьнікі, і студэнты, і моладзь, якая працуе, і нашы маладзёжныя парламентарыі, — пералічыў сенатар. — Гэта тыя актыўныя маладыя людзі, якім не абыякава, як будзе развівацца як краіна ў цэлым, так і горад Мінск».
- Сумесна кіраўніцтвамі Мінскага гарвыканкама і Міністэрства адукацыі была падрыхтавана збалансаваная праграма на бліжэйшыя дні. З рэгіёнаў будуць накіраваны каля 650 актывістаў, дэлегацыі якіх фарміравалі на конкурснай аснове. Самым першым пунктам 26 сакавіка стане цырымонія ўрачыстага адкрыцця рэспубліканскага праекта «Мінск — маладзёжная сталіца». Гісторыя рэспубліканскага праекта, паводле слоў начальніка галоўнага ўпраўлення, досыць вялікая. «Ужо нават сфарміраваны традыцыі, — звярнуў увагу Аляксандр Лук’янаў. — Гэта і перадача сімвалічнага ключа, і ўручэнне сертыфіката. Мы ганарымся тым, што такі ключ з’явіцца ў руках маладых людзей горада Мінска. Таксама запланавана закладка памятнай капсулы і прэзентацыя сімвала Маладзёжнай сталіцы. Гэта наш „Мінчонак“ — вожык, якога прапанавала сама моладзь».
Пасля адкрыцця і закладкі капсулы ў скверы па вуліцы Талбухіна разгорнецца шэраг тэматычных секцый. «Важна і дзелавая праграма, каб маладыя людзі, якія прыедуць з розных рэгіёнаў, маглі падзяліцца вопытам. Першая секцыя — „Справа маладых: яркі спосаб заявіць пра сябе“. Другая — „Інфармацыйны контур: новыя сэнсы і лічбавы давер“. Трэцяя секцыя — „Арыенцір — сям’я“. Вы ведаеце, што ў Праграме сацыяльна-эканамічнага развіцця было прынята найважнейшае рашэнне па адным з прыярытэтаў. Гэта якраз дэмаграфічная бяспека, развіццё чалавечага патэнцыялу. І тут мы арыентаваны, каб нашы маладыя людзі ў больш раннім узросце прыходзілі да ўзважанага рашэння аб стварэнні сям’і, — падзяліўся Аляксандр Лук’янаў. — Мы будзем абмяркоўваць пытанні прапаганды традыцыйных каштоўнасцяў, падтрымкі культуры і маралі».

На думку эксперта, секцыя «Старт кар’еры: практыка і дзеянне» — найважнейшая пляцоўка, якая лічыцца адной з самых практыкаарыентаваных. «Для нас вельмі важна, каб малады чалавек у раннім узросце ўжо разумеў, дзе ён можа сябе прымяніць і рэалізаваць свае самыя лепшыя якасці», — паведаміў парламентарый.
Пасля работы секцый адбудзецца цырымонія ўскладання кветак да абеліска «Мінск — горад-герой» і літаратурна-мастацкая кампазіцыя. Завершыцца дзень маладзёжным шоу «У рытме сталіцы» — вечар, напоўнены музыкай, творчасцю і атмасферай адзінства.
«Магчымасць атрымаць бясцэнны вопыт камунікацыі з кіраўнікамі і прапанаваць свае ініцыятывы»
Другі дзень праграмы аб’яднае працоўныя ініцыятывы, спартыўныя актыўнасці і сустрэчы з кіраўнікамі дзяржаўных органаў. «Другі дзень пачнецца ўжо традыцыйна з народнай зарадкі і працоўнай акцыі. Народная зарадка будзе праведзена на базе Нацыянальнага алімпійскага стадыёна „Дынама“ разам з запрашэннем вядомых спартсменаў, прафесіяналаў, якія дапамогуць раскруціць рытм маладзёжнай сталіцы, далучыць людзей да любові да спорту, — адзначыў Аляксандр Лук’янаў. — Ну і, вядома, працоўная акцыя. Ніводнае з мерапрыемстваў па лініі грамадскіх арганізацый, Міністэрства адукацыі і Мінгарвыканкама не праходзіць без важнага зачына на будучыню. І аб’ект абраны не выпадкова. Так супала, што сёлета Мінск не толькі Маладзёжная сталіца, але яшчэ і аб’ект Усебеларускай маладзёжнай будоўлі. З мінулага года, перадаючы эстафету, мы працягваем працаваць на базе нашага Парку Народнага адзінства і Нацыянальнага гістарычнага музея. І, вядома, удзельнікі нашай акцыі прымуць удзел і зробяць свой унёсак ва ўмацаванне гэтага аб’екта».
«Размова на роўных» — серыя адкрытых сустрэч удзельнікаў з кіраўнікамі дзяржаўных органаў. Гэта адна з унікальных ініцыятыў, якую прапанаваў Мінгарвыканкам. Маладыя людзі сустрэнуцца з кіраўнікамі найважнейшых органаў улады. Сярод іх — Старшыня Савета Рэспублікі, Старшыня Палаты прадстаўнікоў, старшыня Мінскага гарвыканкама. У маладых людзей будзе магчымасць атрымаць бясцэнны вопыт камунікацыі з кіраўнікамі і прапанаваць свае ініцыятывы.
«Таксама ў другі дзень запланавана вялікая колькасць унікальных мерапрыемстваў для грамадскасці на класных лакацыях, дзе і так знаходзіцца моладзь: каля Палаца спорту, на нашых буйных у праспектах і вуліцах нашага горада», — рэзюмаваў Аляксандр Лук’янаў.
Ідэя рэспубліканскага праекта нарадзілася ў маладзёжным асяроддзі
У сваю чаргу намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай, выхаваўчай работы і маладзёжнай палітыкі — начальнік упраўлення па справах моладзі Міністэрства адукацыі Таццяна Сіманоўская заявіла, што ідэя рэспубліканскага праекта «Маладзёжная сталіца» нарадзілася ў маладзёжным асяроддзі. «Прычым гэта ідэя ўзнікла ў нашай моладзі ў 2015 годзе, калі ў нас у краіне быў абвешчаны Год моладзі. Маладыя людзі нараджалі ініцыятыву за ініцыятывай і выйшлі да нас з просьбай разгледзець магчымасць правядзення такога праекта, конкурсу сярод гарадоў Беларусі на прысваенне статусу „Маладзёжная сталіца“, — нагадала яна. — Упершыню такі конкурс быў праведзены ў 2016 годзе і з гэтага моманту штогод у нашай краіне выбіраецца Маладзёжная сталіца. За гэты час 10 гарадоў атрымалі гэты статус: Баранавічы, Полацк, Магілёў, Орша, Пінск, Гродна, Віцебск, Наваполацк, Брэст, Гомель. У 2026 годзе мы таксама аб’яўлялі конкурсы. Акрамя Мінска, у конкурсе ўдзельнічалі Ваўкавыск, Ліда, Полацк і Горкі».

Паводле яе слоў, горад, які атрымаў статус «Маладзёжнай сталіцы», — гэта ў першую чаргу перадавы досвед работы з моладдзю, гэта новыя ініцыятывы, новыя праекты, якія будуць цікавыя для нашай моладзі. «Вядома, гэта і абавязковае ўзаемадзеянне спецыялістаў, якія працуюць з моладдзю ў розных органах: і дзяржкіравання, і мясцовых органаў улады, і спецыялісты, якія працуюць з нашай моладдзю на прадпрыемствах. Гэта своеасаблівы саюз моладзі і суб’ектаў маладзёжнай палітыкі, якія зацікаўлены ў тым, каб нашы маладыя людзі жылі ў нашай краіне, рэалізоўвалі сябе, знаходзілі магчымасці працаўладкавання, кар’ернага росту, замацоўваліся на прадпрыемствах і ў арганізацыях, стваралі свае маладыя сем’і, каб нашы маладыя грамадзяне маглі скарыстацца тымі выгодамі, якія дадзены дзяржавай для іх развіцця і самарэалізацыі», — рэзюмавала Таццяна Сіманоўская.
Данііл ХМЯЛЬНІЦКІ