Top.Mail.Ru

На ААТ «Віцебская бройлерная птушкафабрыка» адбылася рэканструкцыя камбікормавай вытворчасці

Дзякуючы рэканструкцыі, вытворчая магутнасць камбікормавай вытворчасці ўзрасце амаль на трэць, значна павялічыцца аб’ём сховішча для зерневай і бялковай сыравіны.



Адноўлены цэх поўнасцю закрые патрэбы прадпрыемства ў кармах для пагалоўя птушкі і буйной рагатай жывёлы, што аптымізуе затраты і гарантуе стабільна высокую якасць кармавой базы. Будзе размежавана вытворчасць камбікармоў для розных груп птушкі і жывёлы. Увод цэху па перапрацоўцы соевых бабоў і экструзіі зерня дазволіць на 90 % знізіць закупку дарагой імпартнай сыравіны, соевага шроту, што пацягне зніжэнне сабекошту камбікармоў і павысіць іх пажыўную каштоўнасць.

Гэтыя пераўтварэнні, якія становяцца важным этапам у стратэгічным развіцці прадпрыемства і ўмацаванні яго пазіцый на рынку, сталі магчымыя ў выніку рэалізацыі праекта па рэканструкцыі ў рамках праграмы «Аграрны бізнес» на 2021 — 2025 гады. Фінансаванне ажыццяўлялася за кошт крэдытаў ААТ «Банк развіцця Рэспублікі Беларусь». 

Агульны кошт праекта складаў 106 млн рублёў, фактычны кошт будаўніцтва — крыху больш за 96 млн рублёў, дасягнута эканомія амаль 10 млн рублёў. Прагназуецца акупнасць праекта за 10 гадоў. Будаўнічыя работы доўжыліся з лютага 2024 года па верасень 2025-га, аб’ект рэканструяваны з апераджэннем тэрмінаў на пяць месяцаў. 

Праект мае важнае сацыяльнае значэнне: тут створана 57 працоўных месцаў, агульная колькасць работнікаў камбікормавай вытворчасці склала 191 чалавек. Штодня яны будуць выпускаць па 500 тон камбікорму для кармлення птушкі і жывёлы свайго прадпрыемства. 

Наведаўшы вытворчыя аб’екты ААТ «Віцебская бройлерная птушкафабрыка»: малочнатаварную ферму «Курына», дзе ўтрымліваецца каля 400 кароў і сярэднясутачны ўдой на якой складае 26,3 кг малака, а таксама сучасны птушнік на 75 тыс. галоў птушкі, запланаваны да ўводу на пачатку 2026 года, Старшыня Палаты прадстаўнікоў Ігар Сергяенка павіншаваў калектыў з чарговым крокам наперад. «Вы ўжо выйшлі за рамкі звычайнай фабрыкі, вы з’яўляецеся шматпрофільнай аграпрамысловай кампаніяй, дзе спалучаюцца вытворчасць, перапрацоўка, збыт, — падзяліўся думкамі Ігар Сергяенка. — Вы з’яўляецеся вядучым прадпрыемствам нашай краіны. Пяць гадоў таму я бачыў вашы шматлікія будоўлі, сёння яны паспяхова функцыянуюць. Вытворчасць, якая ўводзіцца сёння, будзе забяспечваць кармамі ўсё пагалоўе вашага прадпрыемства, прадукцыя якога карыстаецца попытам і ў нашай краіне, і за яе межамі».

Складана пераацаніць уклад ААТ «Віцебская бройлерная птушкафабрыка» ў сацыяльна-эканамічныя паказчыкі Віцебскага раёна. Плошча сельгасугоддзяў складае 40 % у агульнай структуры, валавы збор прадукцыі — больш за 65 %. Дзякуючы менавіта гэтаму прадпрыемтсву раён з’яўляецца бездатацыйным. 

Сёння з 5,8 тыс. работнікаў аграпрамысловага комплексу Віцебскага раёна 4,2 тыс. складаюць занятыя на «Віцебскай бройлернай птушкафабрыцы», якую ў паўночным рэгіёне па-свойску называюць «Ганнай» — згодна з імем яе даўняга кіраўніка Ганны Норкус. Пад такім жа брэндам пакупнікам вядомая і смачная прадукцыя прадпрыемства. «Мы разумеем, што робім, ведаем, для чаго гэта робім, імкнёмся да намечаных мэт, але развівацца значна лягчэй, калі па ўсіх пытаннях ёсць дапамога з боку дзяржавы, — падкрэсліла генеральны дырэктар. — Хіба што лянівы не скарыстаецца такой падтрымкай і не зробіць тое, што сёння робім мы, — працуем на будучыню. Мы не маем права дзейнічаць інакш. Ад такіх адносін, адабрэння вынікаў нашай работы ў нас вырастаюць крылы».

У маштабах вобласці «Віцебская бройлерная птушкафабрыка» — найбуйнейшае прадпрыемства холдынгавага тыпу з вертыкальна інтэграванай структурай па вытворчасці мяса птушкі, ялавічыны, малака, зерня і рапсавага алею. У склад уваходзяць такія буйныя галіны, як мясное птушкаводства (аб’ём 73 тыс. тон), камбікормавая і мясаперапрацоўчая вытворчасці, раслінаводства, малочна-мясная жывёлагадоўля, фірменны гандаль і грамадскае харчаванне, аптовы гандаль. 

Холдынг уваходзіць у лік рэспубліканскіх лідараў па ўкараненні інавацыйных праектаў і сучасных тэхналогій, выпускае патрэбную краіне прадукцыю і год ад года павялічвае аб’ёмы вытворчасці. 

Святлана ЯКАЎЛЕВА
Фота з адкрытых крыніц

Чытайце таксама: «Хто, калі не мы, зробіць месца, дзе мы жывём, прыгажэйшым?»

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю