Што робіцца ў падтрымку актыўнага юнацтва?
Нацыянальны форум «Гарады, дружалюбныя дзецям і падлеткам: праектуем будучыню разам» прайшоў днямі ў Мінску. Удзельнікамі яго сталі каля 150 чалавек: прадстаўнікі мясцовай улады, грамадскіх арганізацый, дзіцячых і падлеткавых парламентаў гарадоў. Мерапрыемства стала прасторай для абмену досведам і распрацоўкі новых ідэй па развіцці платформы, накіраванай зрабіць гарады сапраўды дружалюбнымі да дзяцей і падлеткаў.

Платформа «Горад, дружалюбны дзецям і падлеткам» — гэта глабальная ініцыятыва ЮНІСЕФ, накіраваная на стварэнне ўмоў для ўсебаковага развіцця дзяцей і іх актыўнага ўдзелу ў жыцці грамадства. За амаль тры дзесяцігоддзі свайго існавання да яе далучылася больш за тры тысячы гарадоў з 40 краін свету, у тым ліку і з Беларусі. Прадстаўнік ЮНІСЕФ у Рэспубліцы Беларусь Рустам Хайдараў адзначыў, што падобная ініцыятыва дазваляе мясцовым органам улады больш чула і дакладна вызначаць запатрабаванні моладзі: «Усе вынікі, якія мы можам назіраць, дасягнуты менавіта дзякуючы моцнай сацыяльнай палітыцы, якая праводзіцца ў краіне. Інтарэсы дзяцей і моладзі знаходзяцца ў фокусе нацыянальных прыярытэтаў, менавіта дзякуючы гэтаму маладыя людзі таксама становяцца актыўнымі ўдзельнікамі ў працэсе прыняцця рашэнняў. Гэта і робіць гарады больш дружалюбнымі і прыстасаванымі для дзяцей».
У сваёй прывітальнай прамове намеснік міністра адукацыі Кацярына Пятруцкая яшчэ раз адзначыла, наколькі важна сёння ўмець працаваць з моладдзю:
— Пытанні абароны правоў і інтарэсаў дзяцей, іх дабрабыт і ўсебаковае развіццё — прыярытэт дзяржаўнай палітыкі Рэспублікі Беларусь. Наша моладзь мае шырокія магчымасці для таго, каб рэалізаваць сябе ва ўсіх напрамках: у спорце, у культуры, у працы. На пляцоўках форума прадастаўлена ўнікальная магчымасць абмяняцца станоўчым вопытам выхавання сапраўдных грамадзян і патрыётаў сваёй краіны, падзяліцца лепшымі практыкамі, намеціць гарызонты супрацоўніцтва на карысць Беларусі.
Пра ініцыятывы і праекты, рэалізуемыя Рэспубліканскім дзіцячым і падлеткавым саветам (парламентам), на пленарным паседжанні расказаў яго старшыня Фрол Рыжкоў:
— Мы штогод праводзім самыя разнастайныя лічбавыя акцыі, і гэты не стаў выключэннем. З нагоды 80-годдзя Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне мы арганізавалі і правялі вельмі знакавую акцыю «Сляды гераізму: Гісторыя Перамогі ў кожным горадзе». У ёй прынялі ўдзел 35 гарадоў. Таксама мы арганізуем дыялогавыя пляцоўкі, каб дзеці і падлеткі маглі непасрэдна задаць пытанні прадстаўнікам улады. Даволі маштабная для нашага савета ініцыятыва, якая ўжо стала традыцыйнай, гэта арганізацыя вольнага часу для членаў Рэспубліканскага дзіцячага і падлеткавага савета. Звычайна гэта наведванне Нацыянальнага дзіцячага адукацыйна-аздараўленчага цэнтра «Зубраня» ў профільныя змены. Там на працягу тыдня дзеці праходзяць сапраўды вялізны і вельмі інтэнсіўны курс розных практык і трэнінгаў на тэму лідарства.

У рамках Нацыянальнага форума адбылася ўрачыстая цырымонія ўзнагароджвання прызёраў і пераможцаў рэспубліканскага конкурсу сярод дзіцячых і падлеткавых парламентаў (саветаў) «Лепшы парламент — 2025». Па выніках конкурса, дыпломы першай ступені атрымалі парламент дзяцей і вучнёўскай моладзі Наваполацка і Маладзёжны парламент пры Лідскім раённым Савеце дэпутатаў.
— Адчуваю сапраўдны гонар за наш горад і рэгіён. Вельмі рады, што нас так высока ацанілі на рэспубліканскім узроўні. Калі казаць пра дзейнасць нашага парламента, то мы праводзім шмат розных мерапрыемстваў разам з нашым куратарам Ганнай Францаўнай Данісевіч. У нас даволі актыўна развіваецца валанцёрскі рух: клапоцімся пра вэтэранаў, віншуем іх са святамі, прымеркаванымі да дня Перамогі, успамінаем герояў Вялікай Айчыннай вайны. Таксама на вялікія святы, такія як Каляды, Новы год, Вялікдзень, наведваемся ў бальніцы, педыятрычныя аддзяленні да дзяцей. На тэрыторыі Лідскага раёна ў нас актыўна дзейнічае антынаркатычны аўтобус, які дапамагае нам агітаваць людзей на барацьбу з наркотыкамі. Яшчэ мы часта наведваем паседжанні нашага раённага Савета дэпутатаў і раённага выканаўчага камітэта, — распавёў пасля атрымання ўзнагароды намеснік старшыні Маладзёжнага парламента пры Лідскім раённым Савеце дэпутатаў Міхаіл Змітрэвіч.
Форум працягнуўся працай на тэматычных пляцоўках, на якіх удзельнікі абмеркавалі шырокі спектр пытанняў. Сярод іх — стварэнне і развіццё дзіцячых і маладзёжных органаў самакіравання, фарміраванне інклюзіўнага асяроддзя для ўсіх дзяцей, а таксама рэалізацыя экалагічных ініцыятыў, накіраваных на захаванне навакольнага асяроддзя. Асаблівая ўвага была нададзена якасці вольнага часу моладзі і працоўнай занятасці непаўналетніх. Завяршылася праца секцый адкрытай дыскусіяй, падчас якой удзельнікі падвялі вынікі абмеркаванняў і распрацавалі канкрэтныя прапановы, якія будуць уключаны ў рэзалюцыю форума.
Анжаліка СЦЕФАНОВІЧ,
фота аўтара.