Сярод іх — прагнозы сацыяльна-эканамічнага развіцця Беларусі, мэтавых паказчыкаў грашова-крэдытнай палітыкі і рэспубліканскага бюджэту на будучы год.
Будаўніцтва дарог і павелічэнне колькасці арэнднага жылля
Па словах Прэм’ер-міністра Аляксандра ТУРЧЫНА, на пасяджэнні Савета Міністраў фіналізуецца разгляд пакета прагнозных дакументаў на 2027 год. «На пасяджэнні Прэзідыума Савета Міністраў мы разглядалі гэтыя дакументы, быў выказаны шэраг заўваг, прапаноў па праектах, — нагадаў кіраўнік урада. — Хацеў бы, каб дакладчыкі ў сваіх выступленнях праінфармавалі, як гэтыя заключэнні і прапановы ўлічаны».
Як адзначыў у размове з журналістамі міністр эканомікі Юрый ЧАБАТАР, ключавым у прагнозных дакументах на будучы год з’яўляецца выкананне задач бягучай пяцігодкі, усіх прыярытэтаў, зацверджаных на Усебеларускім народным сходзе. «Што датычыцца камфортнага асяроддзя пражывання, гэта будаўніцтва дарог — да 5 тысяч кіламетраў у год, — канкрэтызаваў ён. — Прадугледжваем рост колькасці арэнднага жылля, якое будзе прадастаўляцца тым, хто мае ў ім патрэбу. Асабліва гэта датычыцца прадстаўнікоў запатрабаваных сёння спецыяльнасцяў».
Гаворачы аб развіцці рэальнага сектара эканомікі, кіраўнік ведамства адзначыў, што найперш падтрымка будзе ажыццяўляцца на ўнутраным рынку. Адным з прыярытэтаў сацыяльна-эканамічнага развіцця краіны з’яўляецца турызм. «Разам з рэгіёнамі адпрацуем паказчыкі, якія нацэльваюць іх на развіццё сферы турызму: пражыванне, аказанне паслуг, музейная дзейнасць», — удакладніў Юрый Чабатар.
Рост даходаў і акцэнт на інвестыцыйныя праекты
Па словах міністра эканомікі, ва ўмовах, калі сітуацыя ў свеце дынамічна мяняецца, удаецца забяспечыць ключавыя паказчыкі выканання праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця.
«Якасць жыцця насельніцтва — гэта прыярытэт нумар адзін, — падкрэсліў ён. — У гэтым плане ўрад забяспечвае ўсе неабходныя параметры, у тым ліку рост даходаў насельніцтва, будаўніцтва жылля з апярэджаннем і гэтак далей».
Плануецца, што ў наступным годзе рэальныя даходы насельніцтва вырастуць амаль на 3 %. Паляпшэнню якасці жыцця беларусаў таксама будзе садзейнічаць павышэнне прадукцыйнасці працы, укараненне новых метадаў арганізацыі працы, дзеянне ўказа Прэзідэнта «Аб стымуляванні рабатызацыі».
У плане развіцця і павышэння канкурэнтаздольнасці рэальнага сектара эканомікі, як дадаў кіраўнік ведамства, асаблівая ўвага будзе ўдзяляцца інвестыцыйнаму парадку дня. У прыватнасці, урад нацэльвае на паскарэнне рэалізацыі асноўных інвестыцыйных праектаў.
«На гэта настроены і бягучая нарматыўная база, дзейнічае Указ Прэзідэнта № 266 „Аб прадастаўленні паўнамоцтваў у сферы будаўніцтва“, каб аб’екты хутчэй будаваліся і ўводзіліся ў эксплуатацыю, — заўважыў міністр эканомікі. — Адпаведныя задачы па паскарэнні рэалізацыі канкрэтных праектаў бізнес-ідэй давядзём міністрам, губернатарам. Працягнем рэалізацыю нашых асноўных крэдытных прадуктаў, якія карыстаюцца дастаткова вялікай папулярнасцю: „Рэгіянальная ініцыятыва“, „Турыстычны патэнцыял“, крэдыты, накіраваныя на падтрымку павышэння рабатызацыі, вытворчасці новых відаў прадукцыі ў малочнай і мясаперапрацоўчай галінах. Мы бачым прыстойны рост інвестыцый за кошт гэтага (сёлета 7-8 %), столькі ж па плане — і на наступны год».
Вераніка КАНЮТА
Фота БелТА