Top.Mail.Ru

Прафесійная самарэалізацыя. З якімі гендарнымі стэрэатыпамі не згодныя беларусы, расказала сацыёлаг

З якімі гендарнымі стэрэатыпамі ў прафесійнай самарэалізацыі не згодныя беларусы, расказала БелТА навуковы супрацоўнік сектара даследаванняў кадравага патэнцыялу навукі Інстытута сацыялогіі НАН Беларусі Алеся Салавей.


Паводле яе слоў, асабліва важна ў Год беларускай жанчыны працягваць развенчваць негатыўныя стэрэатыпы ў масавай свядомасці насельніцтва.

«Гендарныя стэрэатыпы, якія культывуюцца ў грамадстве як агульнапрынятыя ўяўленні пра сацыяльныя ролі і мадэлі паводзін мужчын і жанчын, з’яўляюцца адным з фактараў, якія аказваюць уплыў на працэс дасягнення гендарнай роўнасці ў грамадстве, а таксама на прафесійную самарэалізацыю і працоўную актыўнасць жанчын і мужчын, пабудову іх кар’еры. Яны, з аднаго боку, спрашчаюць разуменне сацыяльнай рэальнасці, а з іншага — могуць абмяжоўваць чалавечы патэнцыял», — адзначыла Алеся Салавей.


Яна звярнула ўвагу, што ў грамадскай свядомасці жыхароў краіны фіксуецца пэўная ступень нязгоды з гендарнымі стэрэатыпамі адносна сацыяльна-прафесійных роляў і кар’ерных магчымасцяў жанчын і мужчын. Гэта пацвярджаюць сацыялагічныя даныя, атрыманыя ў ходзе рэспубліканскага маніторынгу грамадскай думкі, праведзенага Інстытутам сацыялогіі НАН Беларусі ў сакавіку — красавіку. Па рэпрэзентатыўнай агульнанацыянальнай выбарцы было апытана 1848 чалавек, узровень хібнасці не перавышае 2,3 %.

«Напрыклад, з такім стэрэатыпам, як „Кар’ерны прафесійны рост больш важны для мужчын, чым для жанчын“, не згодныя 42,6 % беларусаў. Пры гэтым сярод нязгодных доля жанчын вышэйшая за долю мужчын: 49,3 % і 34,3 %. Больш за тое, значная доля рэспандэнтаў не падтрымлівае гендарны стэрэатып пра тое, што „Мужчыны з’яўляюцца лепшымі і больш паспяховымі кіраўнікамі, чым жанчыны“ (44,5 %). Сярод тых, хто не падтрымлівае гэты стэрэатып, доля жанчын практычна ў два разы вышэйшая за долю мужчын: 54,1 % і 32,6 %», — расказала Алеся Салавей.

Сацыяльная значнасць вымярэння ступені згоды са стэрэатыпамі заключаецца перш за ўсё ў распрацоўцы механізмаў, накіраваных на адрасную мінімізацыю канкрэтных гендарных стэрэатыпаў у грамадскай свядомасці, што будзе спрыяць далейшаму забеспячэнню роўных прафесійных магчымасцяў жанчын і мужчын, а таксама развіццю і павышэнню гендарнай культуры ў нашым грамадстве.

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю