Супрацоўнікі крымінальна-выканаўчай інспекцыі ажыццяўляюць выкананне пакаранняў, не звязаных з ізаляцыяй асуджаных ад грамадства, і іншых мер крымінальнай адказнасці, а таксама забяспечваюць прафілактычны ўлік у дачыненні да грамадзян, якія маюць судзімасць.
Штотыдзень па чацвяргах міліцыянеры арганізуюць групавыя заняткі для раней асуджаных, а таксама грамадзян, чыё пакаранне не прадугледжвае пазбаўленне волі. Галоўная задача гэтых сустрэч — прафілактыка рэцыдываў і аказанне дапамогі ў адаптацыі да нармальнага жыцця тых, хто здзейсніў злачынствы.
Заслужыць давер наймальніка
Пасля адной з такіх сустрэч 27-гадовы жыхар Мінска Андрэй (імя зменена па этычных меркаваннях) звярнуўся да Таццяны Івановай з просьбай аб садзейнічанні ў працаўладкаванні. Раней мужчына кіраваў адной са сталічных кавярняў, меў добрую рэпутацыю, карыстаўся павагай. Але аднойчы наведвальніца ўстановы забылася кашалёк з грашыма, чым і скарыстаўся Андрэй, які як кіраўнік, наадварот, павінен быў прыняць меры, каб вярнуць згубленую маёмасць уладальніцы. Мужчына знайшоў чужую рэч, забраў грошы і патраціў іх на нязначныя рэчы. Неўзабаве ён быў затрыманы супрацоўнікамі міліцыі. Пасля таго, што здарылася, мужчына пакінуў работу, паколькі яму было няёмка глядзець у вочы калегам, ды і да яго давер знік.
За ўчыненае злачынства Андрэю суд вынес прыгавор і прызначыў пакаранне ў выглядзе папраўчых работ. Гэты від пакарання прадугледжвае абавязковае працаўладкаванне. Маючы досвед толькі ў сферы абслугоўвання і грамадскага харчавання, мужчына імкнуўся вярнуцца менавіта туды, аднак адчуваў праблемы і нежаданне работадаўцаў наймаць яго. Тады мінчанін звярнуўся па дапамогу да Таццяны Івановай, якая пасадзейнічала яму знайсці працу па профілі — супрацоўнікам піцэрыі. Мужчына ўдзячны за аказаную дапамогу і спадзяецца найбліжэйшым часам паказаць сябе з лепшага боку, заслужыць давер наймальніка і ў далейшым будаваць сваю кар’еру.
Змяніць жыццё, каб вярнуць дзяцей
Увечары Таццяна Іванова разам з інспектарам крымінальна-выканаўчай інспекцыі Клімам Васільевым выехалі на праверку падуліковых. Адна з тых, каго наведвалі, — асуджаная за нявыплату аліментаў жанчына, чые дзеці знаходзяцца пад апекай сваякоў. Інспектары пацікавіліся, як яна дапамагае дзецям у падрыхтоўцы да навучальнага года.
«Купіла дзецям заплечнікі, канцылярскія тавары і адзенне, — расказала Алена. — Разумею, што гэта няшмат, але гэта тое, што я магу для іх зрабіць на дадзены момант».
Падуліковая запэўніла, што мае намер выплаціць доўг дзяржаве на ўтрыманне дзяцей, для гэтага ўладкавалася на працу.
Алена злоўжывала алкаголем, адмаўлялася прымаць дапамогу міліцыі і адміністрацыі раёна станавіцца на шлях выпраўлення, што і прывяло да пазбаўлення жанчыны бацькоўскіх правоў. Цяпер дзякуючы прафілактычнай рабоце, якая праводзіцца, яна ўсвядоміла неабходнасць змяніць жыццё і вярнуць дзяцей.
Далей інспектары накіраваліся да мужчыны, які працуе майстрам тату. 30-гадовы Аляксандр (імя зменена з этычных меркаванняў) праводзіў дзяўчыну дадому, калі група п’яных мужчын папрасілі цыгарэту, што паслужыла падставай для бойкі. Мінчанін нанёс цялесныя пашкоджанні аднаму з удзельнікаў канфлікту. Суд прыгаварыў яго да абмежавання волі на тры гады.
«Аляксандр знаходзіцца ў нас на ўліку, мы праводзім з ім прафілактычную работу, дзякуючы чаму ён не парушае закон», — адзначыла інспектар.
Гэта толькі малая частка тых жыццёвых сітуацый і лёсаў, з якімі сутыкаюцца інспектары крымінальна-выканаўчай інспекцыі. Міліцыянеры імкнуцца дапамагчы кожнаму чалавеку, які спатыкнуўся, устаць на шлях выпраўлення, нават калі ён здаецца безнадзейным. Іх мэта — паказаць людзям, якія зрабілі памылку, альтэрнатыўны шлях, вольны ад злачынстваў і парушэнняў закона, — шлях да дабрабыту і шчасця.
Вераніка КАНЮТА.
Фота прэс-службы Ленінскага РУУС г. Мінска.