Top.Mail.Ru

Прафсаюз адкрыў змену ў дзіцячым лагеры «Дружба»

На маляўнічай базе адпачынку «Дружба» дадзены старт летняй аздараўленчай кампаніі. Лагер адчыніў дзверы для першых 120 хлапчукоў і дзяўчынак.


Для юных гасцей, якія заехалі ў першую змену, першасная прафсаюзная арганізацыя РУП «Белпошта» арганізавала яркае анімацыйнае шоу «Цырк пад адкрытым небам». Музыка, інтэрактыў, выступленні артыстаў і салодкія пачастункі стварылі атмасферу радасці і добрага настрою з першых гадзін знаходжання ў лагеры.

Павіншаваць дзяцей з пачаткам змены прыехаў старшыня Беларускага прафсаюза работнікаў лічбавага развіцця і сувязі Аляксандр Якаўлеў.


«На адкрыцці лагера „Дружба“ я бачу шмат шчаслівых вачэй. І, магчыма, сярод вас растуць будучыя сувязісты, работнікі пошты, спецыялісты лічбавай галіны. Хтосьці з вас абавязкова пойдзе па слядах сваіх бацькоў і працягне працоўныя дынастыі. Жадаю вам выдатнага адпачынку, моцнага здароўя, верных сяброў і яркіх уражанняў на ўсю змену!», — сказаў Аляксандр Якаўлеў.

Лагер «Дружба» сустрэў дзяцей камфортам і атмасферай клопату. Лагер размешчаны ў маляўнічым лясным масіве, аснашчаны сучаснымі карпусамі, спартыўнымі пляцоўкамі і плавальным басейнам. Для дзяцей падрыхтавана насычаная праграма, якая ўключае спартыўныя спаборніцтвы, творчыя конкурсы, квэсты і пазнавальныя мерапрыемствы. Дарэчы, галіновы прафсаюз традыцыйна падключаецца да арганізацыі вольнага часу дзяцей. Напрыклад, штогод праводзіць конкурсы «Вясёлка талентаў» і мастацкі пленэр «Мы спадчыннікі Перамогі».


У гэтым сезоне лагер «Дружба» рыхтуецца прыняць пяць аздараўленчых змен, кожная з якіх умесціць 120 дзяцей.

Трэба адзначыць, да пачатку летняй аздараўленчай кампаніі ў лагеры была праведзена значная работа па абнаўленні матэрыяльна-тэхнічнай базы. Выкананы касметычны рамонт басейна і раздзявалак, добраўпарадкавана тэрыторыя, набыты новыя пакрывалы і наматраснікі, устаноўлены электрычныя пліты і кандыцыянеры.

Асобная ўвага нададзена пытанням бяспекі. Напярэдадні адкрыцця змены прадстаўнікі галіновага прафсаюза правялі маніторынг выканання заканадаўства аб ахове працы, каб упэўніцца ў стварэнні бяспечных і камфортных умоў як для адпачынку дзяцей, так і для працы супрацоўнікаў лагера.


Алена КРАВЕЦ

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю