Top.Mail.Ru
54

Прафсаюз дапамог адмяніць звальненне і вярнуць поўную заработную плату

На адным з прадпрыемстваў Кіраўскага раёна работніку знізілі аплату працы практычна ўдвая. Мужчына напісаў заяву аб звальненні ў сувязі са змяненнем істотных умоў працы. Такая магчымасць прадугледжана Працоўным кодэксам.


Але наймальнік не ўлічыў, што паводле калектыўнага дагавору прадпрыемства рашэнні аб змене істотных умоў працы, у тым ліку аб зніжэнні зарплаты, павінны за месяц узгадняцца з прафсаюзам. Адміністрацыя арганізацыі гэты важны нюанс з-пад увагі выпусціла.

На абавязковае выкананне дадзенай нормы лакальнага дакумента звярнуў увагу прафсаюзны юрыст. Вывучыўшы дакументы, прававы інспектар працы нагадаў наймальніку, што калдагавор прадпрыемства патрабуе папярэдняга (не менш як за месяц) пісьмовага ўзгаднення з прафкамам любых змяненняў у аплаце працы, асабліва калі размова ідзе аб зніжэнні або адмене стымулюючых выплат. Прафсаюз у дадзеным выпадку ніхто не апавяшчаў. Юрыст выдаў адпаведную рэкамендацыю на ліквідацыю парушэння — аб недапушчэнні звальнення работніка.

З улікам аргументаў прафсаюзнага юрыста кіраўніцтва арганізацыі літаральна за дзень да запланаванага звальнення перагледзела сваё рашэнне. Работнік захаваў працоўнае месца з ранейшымі ўмовамі працы. Акрамя таго, была адмена загадаў і ў дачыненні да іншых работнікаў, якія апынуліся ў такой жа сітуацыі.

Як адзначыў прававы інспектар працы Магілёўскай абласной арганізацыі Беларускага прафсаюза работнікаў лесу і прыродакарыстання Дзмітрый Мардачоў, гэта сітуацыя стала наглядным прыкладам таго, наколькі важныя прававая граматнасць і ўважлівыя адносіны да нормаў калектыўнага дагавору.

— Яго палажэнні павінны строга выконвацца ўсімі бакамі працоўных адносін. І «забываць» аб іх ніяк нельга. Часта лакальныя прававыя акты змяшчаюць больш высокі ўзровень гарантый. Напрыклад, гарантыі занятасці, дадатковыя выплаты і кампенсацыі. Таму важна ўважліва вывучаць дакументы, якія дзейнічаюць на прадпрыемстве. Мая рэкамендацыя работнікам: перш чым прымаць сур’ёзныя кадравыя рашэнні, у тым ліку пісаць заяву аб звальненні, абавязкова пракансультуйцеся з прафсаюзам, — дадаў Дзмітрый Мардачоў.

Дарэчы, яшчэ адзін наймальнік з рэгіёна таксама не ўлічыў норму калектыўнага дагавору, якая прадугледжвае дадатковыя гарантыі для работнікаў. У Магілёўскім раёне работніку адмянілі стымулюючыя выплаты. І ў гэтым выпадку прафсаюзны юрыст аператыўна выдаў неабходную рэкамендацыю. Сітуацыя вырашылася на карысць работніка: захаваны працоўнае месца і аплата працы.

Нагадаем, што кожны работнік, у якога ёсць пытанні па ўмовах працы або ўзнікла спрэчная сітуацыя з наймальнікам, можа звярнуцца да прафсаюзных спецыялістаў па адзіным нумары — 8 801 100 1111.

Алена КРАВЕЦ

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю