Падчас маніторынгаў выканання працоўнага заканадаўства ў арганізацыях Магілёўскай вобласці прававая інспекцыя працы Беларускага прафсаюза лесу і прыродакарыстання выявіла сістэмную памылку ў разліку аплаты працы маладым кадрам.
Размова ў гэтым выпадку ідзе аб прымяненні стандартнага падатковага выліку для маладых спецыялістаў. Такая падтрымка аказваецца маладым людзям у перыяд усяго тэрміну работы па размеркаванні. Акрамя таго, калі работнік прымае рашэнне застацца працаваць у арганізацыі, то нягледзячы на адсутнасць у яго ўжо статусу маладога спецыяліста, падатковы вылік працягвае прымяняцца, але не больш за сем гадоў з даты працаўладкавання.
Так, у шэрагу арганізацый рэгіёна не ў поўнай меры прымянялася норма падпункта 1.4 пункта 1 артыкула 209 Падатковага кодэкса. І маладыя работнікі недаатрымалі значныя сумы.
— Рэч у тым, што некаторыя наймальнікі ігнаруюць вызначаныя законам тэрміны. Мы зафіксавалі выпадкі, калі льготу спынялі прадастаўляць пасля заканчэння тэрміну абавязковай адпрацоўкі, пазбаўляючы людзей законных выплат, — адзначыў прававы інспектар працы Магілёўскай абласной арганізацыі галіновага прафсаюза Дзмітрый Мардачоў.
Пасля ўмяшання прафсаюза быў ініцыяваны пераразлік. Сумы вяртання на картрахункі работнікаў склалі ад 360 да 800 рублёў.
Нагадаем, гэта льгота, якая замацоўвае права на стандартны падатковы вылік для маладых спецыялістаў, была ўключана ў Падатковы кодэкс па ініцыятыве Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі. Такая мера дае магчымасць павялічыць рэальны даход маладых людзей.
Алена КРАВЕЦ