Top.Mail.Ru
60

Прафсаюз дапамог аднавіць справядлівасць — работніку вярнулі ўтрыманыя грошы

Ці можа наймальнік утрымаць «лішнія» выплаты з заробку? З такім пытаннем у прафсаюз звярнулася работніца аднаго з прадпрыемстваў Гомельшчыны — і яе сітуацыя аказалася далёка не рэдкасцю.

Працоўная спрэчка ўзнікла з-за няўзгодненасці паміж падраздзяленнямі арганізацыі. Кухар трэцяга разраду часова выконваў абавязкі загадчыка вытворчасці. Пасля вяртання да сваёй асноўнай работы бухгалтэрыя па інерцыі прадоўжыла налічваць жанчыне павышаны аклад. За некалькі месяцаў сфарміравалася «пераплата» — больш за 570 рублёў.

Калі ў арганізацыі памылку знайшлі, наймальнік не стаў разбірацца ў прычынах, а проста ўтрымаў частку сумы з зарплаты работніка — 352 рублі.

Працоўным кодэксам дакладна вызначана: калі пераплата адбылася не з-за падліковай памылкі (напрыклад, тэхнічнага збою або арыфметычнай недакладнасці), спаганяць гэтыя сродкі з работніка нельга. Памылкі ў кіраванні і ўнутранай камунікацыі — зона адказнасці наймальніка, а не супрацоўніка.

Абараніць правы работніка дапамагла Гомельская абласная арганізацыя Беларускага прафсаюза работнікаў гандлю, спажывецкай кааперацыі і прадпрымальніцтва. Дарэчы, падчас маніторынгу прававы інспектар працы выявіў і іншыя парушэнні. Высветлілася, што раней у супрацоўніка двойчы ўтрымлівалі грошы за недастачу тавараў — пры гэтым абавязковая працэдура не выконвалася: тлумачальныя не запытваліся, адпаведныя загады аб спагнанні не афармляліся.

— Наймальнік дапусціў распаўсюджаную памылку: паспрабаваў перакласці адказнасць сваіх службаў на плечы работніка. Аднак закон дакладна размяжоўвае тэхнічны збой у разліках і кіраўнічы пралік. Адсутнасць своечасовых загадаў або дрэнны абмен данымі паміж аддзеламі — гэта не падстава для ўтрыманняў з заробленай платы работніка, — адзначае Юлія Вайніловіч, прававы інспектар працы Гомельскай абласной арганізацыі галіновага прафсаюза.

Вынікам прафсаюзнага ўмяшання стала афіцыйная рэкамендацыя, якую наймальнік выканаў у поўным аб’ёме. Кухару вярнулі і ўтрыманы аклад, і незаконныя «штрафы» за недастачу — усяго 417,58 рубля.

Гэтая гісторыя — паказальны прыклад таго, як важна ведаць свае працоўныя правы і не заставацца сам-насам са сваім пытаннем. У спрэчных сітуацыях прафсаюз не толькі дапамагае разабрацца ў заканадаўстве, але і аднавіць справядлівасць.

Алена КРАВЕЦ

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю