Размова ў гэтым выпадку ідзе аб частковай кампенсацыі за наём жылога памяшкання, якую штомесяц наймальнік абавязаны быў выплачваць работніку.
Так, у пачатку гэтага месяца малады работнік сферы гандлю Магілёўшчыны звярнулася ў прафсаюз з просьбай дапамагчы ўрэгуляваць працоўную спрэчку. Летась у снежні дзяўчына пераразмеркавалася да іншага наймальніка. Як маладому спецыялісту, ёй выдзелілі месца ў інтэрнаце. Калектыўным дагаворам арганізацыі прадугледжана кампенсацыя за наём жылля.
— На падставе дзейнай нормы, маладому спецыялісту штомесяц наймальнік павінен быў выплачваць кампенсацыю ў памеры дзвюх базавых велічынь. Але з моманту пераразмеркавання малады работнік ні разу яе не атрымала. З наймальнікам самастойна дамовіцца не атрымалася. І толькі больш чым праз паўгода малады работнік звярнулася ў прафсаюз, — расказала галоўны прававы інспектар працы Магілёўскага абласнога аб’яднання прафсаюзаў Іна Чабатароўская. — Мы вывучылі калектыўны дагавор арганізацыі, аператыўна паразмаўлялі з наймальнікам, які, дарэчы, не адразу гатовы быў прыслухацца да аргументаў. Паводле яго слоў, раз дзяўчына пастаянна не жыве ў інтэрнаце, дык і ў кампенсацыі неабходнасці няма. Разам з тым работнік своечасова плаціла за інтэрнат, месца за ёй замацавана. І згодна з лакальным дакументам, наймальнік абавязаны ва ўстаноўленым парадку і памеры кампенсаваць наём жылля
Прафсаюзны юрыст выдаў рэкамендацыю, на падставе якой маладому спецыялісту аператыўна выплацілі належныя сродкі за ўвесь перыяд работы ў наймальніка.
Неабходна адзначыць, што пытанні, звязаныя з працоўнымі правамі маладых спецыялістаў, заўсёды знаходзяцца пад увагай прафсаюзных спецыялістаў. Як правіла, вострых сітуацый практычна няма. Маладым людзям збольшага патрабуецца кансультацыя. Напрыклад, у які тэрмін неабходна прыбыць на працу, якія дакументы пры сабе трэба мець, якія ёсць гарантыі як на заканадаўчым, так і на ўзроўні лакальных прававых дакументаў і інш. Па ўсіх гэтых пытаннях прафсаюзы даюць падрабязныя кансультацыі.
Нагадаем, па кансультацыю або дапамогу ў вырашэнні працоўнай спрэчкі звярнуцца можна ў Міжгаліновы маніторынгавы цэнтр па адзіным нумары — 8 801 100 1111. Прафсаюзныя спецыялісты працуюць штодня з 8.00 да 20.00.
Алена КРАВЕЦ