Top.Mail.Ru
136

Прафсаюз дапамог маладому спецыялісту вярнуць звыш 1000 рублёў

Размова ў гэтым выпадку ідзе аб стандартным падатковым выліку для маладых спецыялістаў. Дарэчы, норма замацавана ў Падатковым кодэксе па ініцыятыве ФПБ.

Такі вылік прадастаўляецца маладому работніку ў перыяд усяго тэрміна работы па размеркаванні. І, што немалаважна, калі работнік прымае рашэнне застацца працаваць у наймальніка на ранейшым месцы, у такім выпадку, нягледзячы на адсутнасць у яго статусу маладога спецыяліста, падатковы вылік працягвае прымяняцца — не больш за сем гадоў з даты працаўладкавання.

Менавіта на гэту частку нормы не звярнулі ўвагу ў адной з арганізацый Мінскай вобласці, палічыўшы, што калі статусу маладога спецыяліста ў работніка ўжо няма, то і падатковы вылік не належыць.

Як адзначылі ў Беларускім прафсаюзе работнікаў лесу і прыродакарыстання, арганізацыі спатрэбіўся час, каб выявіць і ўстараніць парушэнне. На сёння маладому спецыялісту робяць пераразлік. І ўсе неабходныя сродкі, а іх назапасілася за год ужо вялікая сума, будуць вернуты маладому работніку.

  • Трэба адзначыць, што кіраўніцтва арганізацыі не толькі ліквідавала парушэнне, але і па прапанове прафсаюза дапоўніла калектыўны дагавор новай нормай, якая накіравана таксама на замацаванне моладзі на працоўных месцах. Так, пры заключэнні (падаўжэнні) кантракта на максімальны тэрмін у межах 5 гадоў маладым спецыялістам выплачваецца ад 2 да 5 сярэднямесячных заработных плат. Гэта дазволіць дадаткова падтрымліваць маладых людзей і матываваць застацца на працоўных месцах.

У цэлым пытанні, звязаныя з працоўнымі правамі маладых спецыялістаў, заўсёды знаходзяцца ва ўвазе прафсаюзных спецыялістаў. Як правіла, вострых сітуацый няма. Маладыя работнікі часцей звяртаюцца па кансультацыю. У кожным выпадку ў прафсаюзах дапамагаюць разабрацца ў нюансах. Нагадаем, што ў ФПБ працягвае работу Міжгаліновы маніторынгавы цэнтр, які таксама прымае звароты ад грамадзян, звязаныя з працоўнымі адносінамі. Напрыклад, літаральна ў канцы верасня на «гарачую лінію» патэлефанавала малады спецыяліст з Гомельскага рэгіёна з просьбай дапамагчы пераразмеркавацца па аб’ектыўнай прычыне да іншага наймальніка — у сувязі з неабгрунтаваным пераводам у іншую мясцовасць. Працягваць працу на тых жа ўмовах не ўяўлялася магчымым. Прафсаюзныя спецыялісты аператыўна выехалі ў арганізацыю, вывучылі дакументы, перагаварылі з наймальнікам і аказалі неабходную дапамогу маладому спецыялісту.

Нагадаем, па кансультацыю або дапамогу ў вырашэнні працоўнай спрэчкі ў Міжгаліновы маніторынгавы цэнтр звярнуцца можна па адзіным нумары — 8 801 100 1111 (з 8.00 да 20.00 штодня). 

Алена КРАВЕЦ

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю