Top.Mail.Ru

Прафсаюз дапамог работніку адстаяць 50 дзён водпуску

У Гомельскай вобласці наймальнік адмовіў супрацоўніку ў прадастаўленні водпуску па графіку. У працоўным пытанні разбіралася прававы інспектар працы Гомельскай абласной арганізацыі Беларускага прафсаюза работнікаў гандлю, спажывецкай кааперацыі і прадпрымальніцтва Юлія Вайніловіч.


Так, у канцы сакавіка мужчына звярнуўся да кіраўніка з просьбай адпусціць яго з 8 красавіка адгуляць астатні водпуск за мінулы працоўны год — 18 каляндарных дзён. Наймальнік гатовы быў адпусціць у водпуск толькі з 30 красавіка.

Згодна з Працоўным кодэксам, дата пачатку водпуску вызначаецца выключна па дамоўленасці бакоў. Раз наймальнік ссунуў тэрміны, значыць бакі згоды не дасягнулі.

Супрацоўнік падаў новую заяву аб прадастаўленні яму 32 каляндарных дзён адпачынку з 9 красавіка за бягучы працоўны год — строга па зацверджаным на прадпрыемстве графіку. Акрамя таго, кіруючыся часткай 4 артыкула 170 Працоўнага кодэкса, работнік папрасіў далучыць да гэтага перыяду нявыкарыстаныя 18 дзён за мінулы год, аб якіх прасіў яшчэ напрыканцы сакавіка.

Аднак кіраўнік ізноў адказаў адмовай. Ён не толькі не прадаставіў планавы водпуск, але і адмовіўся далучаць да яго нявыкарыстаныя дні мінулага перыяду, настойваючы на прадастаўленні адпачынку па раней пададзенай заяве.

Па падтрымку мужчына звярнуўся ў прафсаюз. У ходзе аператыўнага выезду на прадпрыемства прафсаюзны юрыст дэталёва вывучыла лакальныя прававыя акты арганізацыі. Прававы інспектар працы ўказала на неабходнасць прадаставіць работніку поўны працоўны водпуск за бягучы працоўны год (32 дні) згодна з зацверджаным графікам, далучыўшы да яго нявыкарыстаныя 18 каляндарных дзён за папярэдні.

Як адзначыла прававы інспектар працы Гомельскай абласной арганізацыі Беларускага прафсаюза работнікаў гандлю, спажывецкай кааперацыі і прадпрымальніцтва Юлія Вайніловіч, асобныя наймальнікі памылкова мяркуюць, што графік водпускаў можна перапісаць або праігнараваць. Змяніць тэрмін водпуску, які ўжо зафіксаваны ў графіцы, дапускаецца толькі ў выпадку, калі і работнік, і наймальнік прыйшлі да ўзаемнай згоды па гэтым пытанні. У аднабаковым парадку наймальнік не можа пераносіць або адмяняць водпуск, зацверджаны графікам.

Прадстаўнік прафсаюза выдала наймальніку рэкамендацыю аб устараненні парушэнняў. Вынік — работніку прадастаўлены працоўны водпуск агульнай працягласцю 50 каляндарных дзён.

Алена КРАВЕЦ

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю