Top.Mail.Ru
77

Прафсаюз дапамог работніцы кампенсаваць аплату за час навучання

Работніца адной з арганізацый сталіцы звярнулася ў Міжгаліновы маніторынгавы цэнтр Федэрацыі прафсаюзаў з просьбай разабрацца ў сітуацыі, звязанай з аплатай курсаў павышэння кваліфікацыі.

Паводле яе слоў, навучанне працягласцю 40 гадзін было аплачана наймальнікам толькі часткова — 35 гадзін.

Прафсаюзны спецыяліст аператыўна пачала разглядаць зварот. У ходзе разбору сітуацыі высветлілася: недаплата ўзнікла з прычыны падліковай памылкі. Пры налічэнні сярэдняга заробку за перыяд навучання не былі ўлічаны ўсе фактычна адпрацаваныя паводле графіка дні.

— У адпаведнасці з заканадаўствам, пры накіраванні работніка на курсы павышэння кваліфікацыі за ім захоўваецца сярэдні заробак за ўсе працоўныя дні па графіку ў перыяд навучання. Пры гэтым выхадныя дні, якія прыпадаюць на перыяд навучання, не аплачваюцца. Разам з тым работніку кампенсуюцца выдаткі на праезд, пражыванне і выплачваюцца сутачныя — па аналогіі з камандзіроўкай, калі навучанне праходзіць не па месцы пражывання, — расказала прававы інспектар працы Мінскай гарадской арганізацыі Беларускага прафсаюза работнікаў дзяржаўных і іншых устаноў Марына Змітровіч.

У выніку ўмяшання прафсаюза літаральна на наступны дзень пасля звароту заяўніцы ажыццёўлены пераразлік заработнай платы — курсы павышэння кваліфікацыі аплачаны ў поўным аб’ёме.

Нагадаем, пры ўзнікненні сумненняў у правільнасці налічэнняў або любых іншых аспектаў працоўных адносін, звяртайцеся да прафсаюзных спецыялістаў па адзіным нумары — 8 801 100 1111 (штодня з 8.00 да 20.00).

Алена КРАВЕЦ

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю