Сітуацыя пачала развівацца ў лістападзе 2025 года, калі ў калектыўны дагавор адной з арганізацый Віцебскай вобласці была ўключана норма аб павышэнні тарыфнай стаўкі па кантрактах у памеры не менш як 40 працэнтаў.
У красавіку 2026 года падчас планавага маніторынгу выканання заканадаўства аб працы галоўны прававы інспектар працы Беларускага прафсаюза работнікаў лесу і прыродакарыстання Ульяна Шаршкова выявіла, што кантракты часткі калектыву не былі прыведзены ў адпаведнасць з абноўленым калектыўным дагаворам. І каля 30 чалавек працягвалі атрымліваць толькі 30-працэнтную надбаўку замест належных 40 %.
Як адзначыла прафсаюзны юрыст, работа па ўдасканаленні калектыўных дагавораў не абмяжоўваецца ўключэннем дадатковых гарантый. Не менш важна забяспечыць рэальнае выкананне кожнай нормы, замацаванай у лакальных дакументах.
— Калектыўны дагавор павінен працаваць на практыцы. Таму прафсаюзы не толькі ініцыююць новыя меры падтрымкі работнікаў, але і кантралююць выкананне ўжо прынятых абавязацельстваў. У дадзеным выпадку маніторынг дазволіў выявіць сістэмную памылку і аднавіць правы людзей, — адзначыла Ульяна Шаршкова.
У адрас наймальніка была накіравана рэкамендацыя аб устараненні парушэнняў, правядзенні пераразліку зарплаты за апошнія паўгода, а таксама абавязковай індэксацыі запазычанасці. І на сённяшні дзень праведзены поўны пераразлік выплат. Агульная сума, якую дадаткова атрымаюць работнікі, склала больш за 5 тысяч рублёў. Сродкі будуць выплачаны калектыву ўжо да канца чэрвеня.
Алена КРАВЕЦ