У адной са сталічных арганізацый сферы абслугоўвання падчас правядзення грамадскага кантролю за выкананнем заканадаўства аб працы прафсаюзны юрыст выявіў, што наймальнікам пры прадастаўленні водпускаў не праводзілася работнікам аднаразовая выплата на аздараўленне.
Як высветлілася, такую выплату работнікі арганізацыі не атрымлівалі ні ў мінулым, ні ў бягучым годзе. Пры гэтым калектыўным дагаворам прадпрыемства прадугледжаны абавязак наймальніка адзін раз у каляндарным годзе пры прадастаўленні працоўнага водпуску (часткі водпуску) ажыццяўляць выплату на аздараўленне ў памеры 0,5 тарыфнага акладу (тарыфнай стаўкі).
У час размовы з працоўным калектывам галоўны прававы інспектар працы Беларускага прафсаюза работнікаў ЖКГ і сферы абслугоўвання Наталля Грышкова высветліла, што наймальнік тлумачыў адсутнасць выплат няпростым фінансавым становішчам арганізацыі.
— Разам з тым дакументальнага пацверджання адсутнасці сродкаў не было. Тыя нормы, якія замацаваны ў калектыўным дагаворы і падпісаны бакамі, з’яўляюцца абавязковымі для выканання. Адмова ад узятых абавязацельстваў магчыма толькі пры наяўнасці аб’ектыўных прычын і з захаваннем устаноўленай працэдуры, — патлумачыла Наталля Грышкова.
Яна адзначыла, што Генеральным пагадненнем сапраўды прадугледжана магчымасць часовага прыпынення асобных палажэнняў калектыўнага дагавора. Аднак такое рашэнне павінна прымацца выключна па пагадненню бакоў і з абавязковым вызначэннем тэрмінаў прыпынення і парадку аднаўлення дзеяння адпаведных норм. У дадзеным выпадку ніякіх працэдур па прыпыненні дзеяння палажэнняў калектыўнага дагавору не праводзілася. Такім чынам, усе прадугледжаныя гарантыі павінны былі выконвацца ў поўным аб’ёме.
Па выніках маніторынгу ў адрас кіраўніцтва арганізацыі была накіравана рэкамендацыя аб устараненні парушэння і неабходнасці правесці работнікам аднаразовыя выплаты на аздараўленне.
Трэба адзначыць, што ў канструктыўным дыялогу пытанне аператыўна вырашылася і работнікам зрабілі належныя выплаты на агульную суму звыш 6,6 тысяч рублёў.
Алена КРАВЕЦ