Беларускі прафсаюз работнікаў будаўніцтва і прамбудматэрыялаў выдаў «Сямейны даведнік» для работнікаў, якія выхоўваюць дзяцей. У кампактнай брашуры выкладзена актуальная інфармацыя аб ільготах, гарантыях і ўсебаковых мерах падтрымкі.
У брашуры адлюстраваны шматлікія запыты працоўных калектываў: падчас сустрэч з работнікамі тэмы падтрымкі сем’яў з дзецьмі, жыллёвых пытанняў, сацыяльных гарантый і дадатковых магчымасцяў для бацькоў узнімаюцца рэгулярна. Менавіта таму было прынята рашэнне аб’яднаць найбольш запатрабаваную інфармацыю ў адным даступным і зразумелым фармаце.
Так, выданне сфарміравана з 8 асноўных раздзелаў. У іх падрабязна тлумачацца пытанні дзяржаўнай падтрымкі пры будаўніцтве жылля, прадастаўлення дапамог сем’ям, якія выхоўваюць дзяцей, рэалізацыі праграм сямейнага капіталу, падтрымкі ў сферы адукацыі і аховы здароўя. Асобная ўвага ўдзелена працоўным, падатковым і пенсіённым гарантыям для работнікаў з сямейнымі абавязкамі.
Асаблівую актуальнасць выданне прадстаўляе для моладзі, маладых спецыялістаў, якія толькі пачынаюць сваю працоўную дзейнасць, ствараюць сем’і і ўпершыню сутыкаюцца з пытаннямі будаўніцтва жылля і атрымання сацыяльных гарантый. Часта менавіта маладыя работнікі маюць патрэбу ў дадатковай інфармацыі аб дзеючых мерах падтрымкі, ільготах і прэферэнцыях. У галіновым прафсаюзе ўпэўнены, што сабраная ў адзінае інфармацыя дапаможа маладым людзям у планаванні сваёй будучыні.
Як адзначыў старшыня Беларускага прафсаюза работнікаў будаўніцтва і прамбудматэрыялаў Дзмітрый Прасвіракоў, «жывой» тэмай для работнікаў застаецца забеспячэнне жыллём. У «Сямейным даведніку» можна даведацца пра асаблівасці будаўніцтва жылля па дзяржзаказе, варыянты і ўмовы дзяржаўнай падтрымкі для тых, хто мае патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў. У прыватнасці, падрабязна распісана, хто можа прэтэндаваць на льготны крэдыт, а каму належаць аднаразовыя субсідыі або фінансавая дапамога.
Акрамя таго, асобны блок адрасаваны кіраўнікам прадпрыемстваў. У ім падрабязна апісаны механізм Указа Прэзідэнта № 344, які дае магчымасць юрыдычным асобам атрымаць субсідыю на будаўніцтва арэнднага жылля для сваіх работнікаў. Дакумент дзейнічае ўжо другі год і паступова выклікае ўсё большую цікавасць у арганізацый галіны.
«Сёння падтрымка сям’і і стварэнне дастойных умоў для работнікаў — гэта важны фактар замацавання кадраў. Мы бачым, што ў людзей ёсць вялікі запыт на сістэматызаваную інфармацыю аб дзейных гарантыях і магчымасцях. Таму наша задача заключалася ў тым, каб сабраць усе ключавыя меры падтрымкі ў адным выданні і зрабіць іх максімальна даступнымі для кожнага работніка», — дадаў Дзмітрый Прасвіракаў.Першы тыраж «Сямейнага даведніка» налічвае 4 тысячы экзэмпляраў і распаўсюджаны сярод старшыняў пярвічных прафарганізацый, цэхавых камітэтаў, сацыяльных партнёраў. У хуткім часе плануецца выпусціць дадатковы тыраж яшчэ на некалькі тысяч экзэмпляраў.
Алена КРАВЕЦ