Спектакль, памятны знак, гуказапісная лабараторыя, вулічная пляцоўка і нават прафсаюзны мерч — сёлета рэспубліканскі конкурс «Лепшы маладзёжны праект» сярод пярвічак галіновага прафсаюза сабраў рэкордную колькасць заявак — больш за 50 работ з усёй краіны. Дарэчы, конкурс праводзіцца ўжо ў трэці раз. І калі першапачаткова да ўдзелу дапускаліся толькі студэнты і навучэнцы, то з гэтага года ўдзельнічаць можа і моладзь, якая працуе.
Таксама дабаўлены і тэматычныя намінацыі. Адна з іх прысвечана 80-годдзю Вялікай Перамогі, другая — іміджавым праектам у рамках мерапрыемстваў, прымеркаваных да 105-годдзя галіновага прафсаюза.
Сёлета экспертная камісія вызначыла 10 праектаў, якія атрымаюць фінансаванне ад галіновага прафсаюза на рэалізацыю ініцыятыў. Адзін з праектаў адзначаны граматай Беларускага прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі.
Намеснік старшыні галіновага прафсаюза Аксана Васілевіч адзначыла, што ідэя падтрымкі найлепшых творчых ініцыятыў моладзі ўжо са старту атрымала шырокі водгук сярод пярвічак галіны. Конкурс стаў платформай для маладых людзей, якія жадаюць развівацца не толькі ў прафесіі, але і прапаноўваць цікавыя ідэі.
— Галіновы прафсаюз гатовы дапамагаць і падтрымліваць маладых людзей. Пры гэтым мы даем фінансаванне не на куплю чагосьці рэчыўнага, а на тое, што ў доўгатэрміновай перспектыве будзе прыносіць карысць іх установе адукацыі, месцу, у якім яны жывуць, краіне ў цэлым, — дадала Аксана Васілевіч.
На рэалізацыю праектаў пераможцы конкурсу атрымліваюць фінансавую падтрымку да 10 тысяч рублёў. Конкурс праходзіць раз на два гады, што дазваляе ацаніць вынікі папярэдніх пераможцаў. Напрыклад, праект ваенна-гістарычнага клуба «Доблесць» Мазырскага педуніверсітэта, які прадугледжвае правядзенне рэканструкцый падзей Вялікай Айчыннай вайны. Сёння гэты клуб вядомы па ўсёй краіне, а падтрымка галіновага прафсаюза дала імпульс развіцця.
У гэтым годзе эксперты сутыкнуліся з няпростым выбарам: усе прадстаўленыя праекты былі унікальнымі і цікавымі. У выніку было вырашана падтрымаць 10 ідэй замест запланаваных трох пераможцаў у кожнай намінацыі. Сярод іх, напрыклад, спектакль «Сіла слабых. Жанчына ў вайне», які паставяць маладыя педагогі гімназіі № 10 горада Маладзечна. Яны самі плануюць шыць касцюмы, ужо гатовы сцэнарый і выбраны рэжысёр. Падтрымка прафсаюза пойдзе на закуп рэквізіту і неабходных матэрыялаў.
У ліку пераможцаў і распрацоўка тэматычнай музейнай экспазіцыі ў СШ № 16 г. Брэста ў памяць пра Героя Савецкага Саюза Аляксея Карасёва, імя якога носіць школа. Таксама падтрымку атрымаюць і члены студэнцкай пярвічкі, якія ўладкуюць спартыўную пляцоўку побач з інтэрнатам Беларуска-Расійскага ўніверсітэта. А ў мінскай гімназіі № 50 пераможцы конкурсу адкрыюць гуказапісную лабараторыю, якая стане прасторай для развіцця крэатыўных, адукацыйных і прафесійных навыкаў навучэнцаў не толькі сталічнай установы адукацыі, але і іншых ахвотных.
Асобна адзначана распрацоўка мерчу Маладзёжнага савета галіновага прафсаюза: эмблема і дзелавы касцюм — у хуткім часе ў маладых людзей будзе свой унікальны і пазнавальны стыль.
— Трэць членаў нашага прафсаюза — моладзь. Яе заўсёды адрознівае імкненне да чагосьці новага і перадавога. Мы стараемся падтрымліваць гэтыя імкненні і даваць магчымасць для самарэалізацыі, — рэзюмавала Аксана Васілевіч.