Top.Mail.Ru
210

Прафсаюз работнікаў гандлю падвёў вынікі па ключавых кірунках работы

Абарона працоўных правоў і адрасная дапамога работнікам — нязменны прыярытэт у дзейнасці Беларускага прафсаюза работнікаў гандлю, спажывецкай кааперацыі і прадпрымальніцтва. Ключавыя вынікі гэтай работы за 2025 год абмеркавалі на пасяджэнні прэзідыума галіновага прафсаюза.



У 2025 годзе прававой інспекцыяй працы галіновага прафсаюза праведзена маштабная работа. Грамадскім кантролем ахоплены 267 арганізацый сферы гандлю і спажывецкай кааперацыі. Падчас мерапрыемстваў было выяўлена больш за 1,7 тысячы парушэнняў заканадаўства аб працы. Прававыя інспектары працы дапамаглі вярнуць работнікам каля 39 тысяч рублёў, якія былі незаконна ўтрыманы або не выплачаны наймальнікамі.

Так, адзін з паказальных прыкладаў, дзе ўмяшанне прафсаюзнага спецыяліста дапамагло аднавіць справядлівасць, звязаны са зваротам прыбіральшчыка памяшканняў 2-га разраду аднаго з гандлёвых прадпрыемстваў Гомельскага рэгіёна. Работніца заявіла аб незаконным прыцягненні да дысцыплінарнай адказнасці: наймальнік аб’явіў ёй вымовы за нібыта «неналежную прыборку» службовых памяшканняў.

Падчас маніторынгу, праведзенага прававым інспектарам працы з выездам на месца, было ўстаноўлена, што гэты ўчастак работы афіцыйна за жанчынай не замацоўваўся. Згодна з артыкулам 197 Працоўнага кодэкса Рэспублікі Беларусь, дысцыплінарнай правіннасцю прызнаецца толькі вінаватае невыкананне тых абавязкаў, якія ўскладзены на работніка працоўным дагаворам. Паколькі ў службовых дакументах гэты ўчастак адсутнічаў, факт учынення правіннасці не пацвердзіўся. Па рэкамендацыі прафсаюза наймальнік адмяніў незаконныя дысцыплінарныя спагнанні.

Яшчэ адна паспяховая гісторыя абароны правоў закранула фінансавы бок працоўных адносін. Прадавец аднаго з гандлёвых аб’ектаў звярнулася ў прафсаюз з просьбай праверыць правільнасць налічэння заработнай платы за 2025 год. Пасля дэталёвага аналізу дакументаў высветлілася, што работніца адпрацавала 83 гадзіны звышурочна, аднак даплата за гэты час, прадугледжаная артыкулам 69 Працоўнага кодэкса, праведзена не была. У выніку перагавораў прафсаюза з кіраўніцтвам прадпрыемства наймальнік у добраахвотным парадку ўстараніў парушэнне і дадаткова выплаціў работніку каля 530 рублёў.

Асобная ўвага была ўдзелена звароту маладога спецыяліста, накіраванага па размеркаванні прадаўцом у гарадскі пасёлак. Па словах работніцы, крама, куды яе накіравалі, не функцыянавала на працягу двух гадоў, а наймальнік прымушаў да пераводу ў іншы аб’ект, пагражаючы звальненнем па артыкуле.

Праведзены прафсаюзам маніторынг выявіў шэраг парушэнняў заканадаўства аб працы з боку наймальніка. У прыватнасці, маладому спецыялісту была ўстаноўлена неправамерна завышаная працягласць працоўнага тыдня ў 45 гадзін, што парушае патрабаванні артыкула 112 Працоўнага кодэкса, а загад аб пераводзе быў выдадзены без законных падстаў. Рэкамендацыю прафсаюза аб устараненні ўсіх парушэнняў, устанаўленні 40-гадзіннага працоўнага тыдня і адмене незаконнага загада наймальнік выканаў.

Нагадаем, па кансультацыю або дапамогу ў вырашэнні працоўнай спрэчкі звярнуцца можна і ў Міжгаліновы маніторынгавы цэнтр па адзіным нумары — 8 801 100 1111. Прафсаюзныя спецыялісты працуюць штодня з 8.00 да 20.00.

Алена КРАВЕЦ


arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю