Top.Mail.Ru
201

Прафсаюз работнікаў лесу дапамагае перазімаваць дзікай жывёле

Сапраўдная зіма з яе моцнымі снегападамі і маразамі стала суровым выпрабаваннем для дзікіх жывёл. Ва ўмовах шчыльнага снежнага покрыва і ледзяной скарынкі лясным насельнікам вельмі складана самастойна здабываць ежу, а на перамяшчэнне па гурбах выдаткоўваецца каласальная колькасць энергіі.

Каб дапамагчы дзікай жывёле перазімаваць і захаваць папуляцыю лясной фаўны, Беларускі прафсаюз работнікаў лесу і прыродакарыстання выступіў з ініцыятывай па падтрымцы лясных жыхароў. У рамках акцыі галіновы прафсаюз закупляе неабходны корм для падтрымання іх жыццёвых сіл. Так, ужо першыя 3 тоны збожжа перададзены на Віцебшчыну.

Як адзначыў старшыня Беларускага прафсаюза работнікаў лесу і прыродакарыстання Юрый Шумскі, дапамога фарміруецца з улікам рэальных патрэб на месцах і перадаецца туды, дзе яна найбольш неабходна. Работа вядзецца ў цесным узаемадзеянні з профільнымі арганізацыямі.

— Наша агульная задача — дапамагчы жывёлам пераадолець гэты халодны перыяд года. Падтрымліваючы лясных насельнікаў, мы захоўваем натуральны баланс экасістэм і галоўнае — захоўваем нашы прыродныя багацці будучым пакаленням, — дадаў старшыня галіновага прафсаюза.

Ініцыятыва па падтрымцы дзікіх жывёл — гэта частка сацыяльнай і экалагічнай дзейнасці галіновага прафсаюза. Таксама Юрый Шумскі заклікаў усіх неабыякавых далучыцца да ініцыятывы па падтрымцы лясных жыхароў.

Алена КРАВЕЦ



arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю