Навучэнская, студэнцкая і рабочая моладзь 15-ці галіновых прафсаюзаў з усіх рэгіёнаў краіны сабралася на пасяджэнні Маладзёжнага Савета ФПБ, каб вызначыць напрамкі работы на бліжэйшы час і абмеркаваць найбольш актуальныя для іх тэмы: гарантыі, магчымасці павышэння кваліфікацыі і прафесійнага росту, падтрымка ініцыятыў і рэалізацыя праектаў на працоўных месцах.
Дамовіліся і аб рэалізацыі сумесных праектаў, якія пройдуць пад эгідай ФПБ. Дарэчы, ужо гэтай восенню нацыянальны прафцэнтр адзначыць 35-годдзе з дня ўтварэння. Свае ідэі і прапановы па святкаванні юбілейнай даты найбліжэйшым часам прапануе і прафсаюзная моладзь.

Пагрузіцца ў прафсаюзную работу, этапы станаўлення прафсаюзнага руху, а таксама гісторыю, традыцыі, культуру і дасягненні Беларусі дазволіў і інтэлектуальны квэст, які прайшоў у рамках пасяджэння Маладзёжнага Савета ФПБ.15 каманд, прадстаўнікі ўсіх галін эканомікі, прадэманстравалі шырокі кругагляд, аналітычныя здольнасці і камандную работу.
Як адзначыў намеснік старшыні Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі Вадзім Грачоў, мерапрыемства сімвалічна прайшло напярэдадні важнейшага дзяржаўнага свята — Дня Незалежнасці. І, безумоўна, гэта шмат у чым вызначыла тэматыку сустрэчы маладых людзей. Узгадаць гісторыю, абмеркаваць дасягненні незалежнай Беларусі, прааналізаваць ужо рэалізаваныя праекты і дамовіцца аб новых ініцыятывах — па кожным пункце прафсаюзная моладзь абмянялася меркаваннямі.
Трэба сказаць, што састаў Маладзёжнага Савета абноўлены літаральна некалькі месяцаў таму, але ўжо за такі кароткі прамежак часу хлопцы і дзяўчаты хутка ўключыліся ў грамадскую работу і правялі, напрыклад, маштабны міжнародны форум, які аб’яднаў моладзь з гарадоў-герояў. Маладыя людзі ўжо зарэкамендавалі сябе і ўзялі высокую планку. Дарэчы, члены Маладзёжнага Савета ФПБ ад кожнай галіны і рэгіёну выступілі з дакладамі па тэме рэалізацыі сацыяльна значных ініцыятыў, выказалі свае прапановы па павышэнні дзейнасці маладзёжных саветаў. Найлепшым дакладам адзначылася прадстаўнік прафсаюза работнікаў сувязі Настасся Аскірка — маладому работніку галіны ўручылі сертыфікат на бясплатнае навучанне дзелавому этыкету і камунікацыі з кітайскімі партнёрамі, які дзейнічае на базе прафсаюзнага універсітэта. Дзяўчына прапанавала нямала ідэй па ўзаемадзеянні паміж членамі Маладзёжнага савета. Напрыклад, стварыць рэестр мерапрыемстваў, якія праводзяцца галіновымі прафсаюзамі з усімі неабходнымі метадычнымі матэрыяламі, каб кожны прадстаўнік мог выкарыстоўваць яго ў сваёй працы.
Вадзім Грачоў таксама дадаў, што ФПБ традыцыйна надае асаблівую ўвагу рабоце з моладдзю, пытанням сацыяльнай падтрымкі і абароны маладых людзей. Акрамя таго, прафсаюзы на пастаяннай аснове вядуць работу па ўключэнні ў тарыфныя, мясцовыя пагадненні, калектыўныя дагаворы арганізацый дадатковых норм і гарантый, якія паляпшаюць становішча маладых людзей.
Алена КРАВЕЦ