Як падкрэслілі ў прэс-службе ФПБ, прававыя прыёмы — гэта не толькі растлумачэнне норм заканадаўства, але і практычная падтрымка. Пры неабходнасці прафсаюзныя юрысты суправаджаюць грамадзян, якія звярнуліся, і на наступных этапах урэгулявання працоўных спрэчак.
Тэматыка зваротаў традыцыйна застаецца шырокай. Так, у Брэсцкім рэгіёне работнікаў цікавілі пытанні кампенсацый за работу ў шкодных умовах, выплаты выхадной дапамогі пры прызыве на ваенную службу, асаблівасці рэжыму працоўнага часу пры раз’язным характары работы. Шэраг пытанняў датычыўся працоўных водпускаў. У прыватнасці, тлумачылася, ці маюць ганаровыя донары права на выбар зручнага часу водпуску і ці магчыма афармленне ўнутранага сумяшчальніцтва ў перыяд працоўнага водпуску.
Цікавы выпадак разгледзелі ў Рэчыцкім раёне. Да юрыста звярнуўся малады хлопец, які ўладкаваўся на прадпрыемства, але не прыбыў па размеркаванні. Адпаведна статусу «маладога спецыяліста» ў яго няма, а разам з гэтым — і 10 % надбаўкі за стаж, прадугледжанай калектыўным дагаворам арганізацыі, таксама.
Прафсаюзны юрыст прапанавала рашэнне, якое можа змяніць практыку на прадпрыемстве. Размова ідзе аб дапаўненні калектыўнага дагавора нормай, якая дазваляе ўстанаўліваць надбаўку за стаж усім работнікам, каму гэта месца работы прадастаўлена як першае ў працоўным жыцці, незалежна ад наяўнасці накіравання. Цяпер ініцыятыва знаходзіцца ў прапрацоўцы — пытанне аб унясенні змяненняў у лакальны дакумент арганізацыі ўжо разглядаецца.
Нагадаем, падрабязней пра месца і час правядзення прававога прыёму можна даведацца на сайтах абласных (Мінскага гарадскога) аб’яднання прафсаюзаў, а таксама на афіцыйным інтэрнэт-партале ФПБ.
Алена КРАВЕЦ