Top.Mail.Ru
242

Прафсаюзы аказваюць дапамогу пацярпелым ад урагану ў Магілёве людзям і прадпрыемствам

Да аднаўленчых работ пасля разгулу стыхіі ў Магілёве падключыліся ўсе галіновыя прафсаюзы. Ужо на наступны дзень пасля ўрагану работнікі абласных камітэтаў прафсаюзаў, прадстаўнікі прафкамаў выйшлі на расчыстку горада.


Першапачаткова прафактывісты працавалі на аб’ектах, дзе патрабавалася максімальна хутка прыбраць наступствы непагадзі. У прыватнасці, на тэрыторыі дзіцячых садоў і школ працавалі не толькі прадстаўнікі галіновага прафсаюза адукацыі, але і маладзёжнай рады абласнога аб’яднання прафсаюзаў. Абласная арганізацыя Белхімпрафсаюза дапамагае наводзіць парадак на тэрыторыі ААТ «Магілёўхімвалакно», якому стыхіяй таксама нанесены пэўны ўрон.

На гэты момант створаны працоўныя атрады з прадстаўнікоў усіх галіновых прафсаюзаў Магілёўшчыны, якія штодзень дапамагаюць камунальнікам у навядзенні парадку. У такім фармаце прафсаюзы будуць працаваць як мінімум увесь тыдзень.

— Таксама прафсаюзамі аказваецца падтрымка ў стварэнні неабходных умоў для работнікаў, занятых на ліквідацыі наступстваў урагану, — расказалі ў прэс-службе ФПБ. — У аднаўленчых работах задзейнічаны сотні спецыялізаваных брыгад, у тым ліку і з іншых рэгіёнаў. І для ўсіх іх у самыя кароткія тэрміны неабходна было вырашыць пытанні з пражываннем, харчаваннем. У прыватнасці, прафсаюз работнікаў энергетыкі, газавай і паліўнай прамысловасці аказаў садзейнічанне ў арганізацыі харчавання, забеспячэнні пітной вадой работнікаў аварыйных брыгад. Акрамя таго, Федэрацыяй прафсаюзаў Беларусі і галіновымі прафсаюзамі аказваецца дапамога ў закупцы неабходнага інвентару для работы спецыялістаў.
На сёння асаблівую ўвагу прафсаюзы таксама надаюць пытанню аказання дапамогі людзям, якія пацярпелі ад урагану. Напрыклад, прафсаюз работнікаў аховы здароўя гатовы падтрымаць членаў прафсаюза — работнікаў сістэмы аховы здароўя ў выпадку, калі ім самім або іх маёмасці быў нанесены ўрон нядаўняй стыхіяй. У прыватнасці, такая падтрымка прадугледжана дзейным палажэннем аб парадку аказання матэрыяльнай дапамогі членам прафсаюза са сродкаў Магілёўскай абласной арганізацыі прафсаюза. У залежнасці ад памеру ўрону сума прафсаюзнай матдапамогі абкама можа складаць да 10 базавых велічынь. Акрамя таго, у выпадку прычыненага стыхіяй матэрыяльнага ўрону ў асабліва буйных памерах члены галіновага прафсаюза ў праве разлічваць на матдапамогу да 50 базавых велічынь ад Рэспубліканскага камітэта прафсаюза работнікаў аховы здароўя.

Аказанне дапамогі і падтрымкі членам прафсаюза, якія пацярпелі ў выніку стыхіі, прадугледжана і дакументамі іншых галіновых прафсаюзаў, напрыклад, прамысловасці, гандлю і інш.

Алена КРАВЕЦ.
arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю