Прафсаюзы Беларусі прадаўжаюць сістэмную работу па кантролі за сітуацыяй на спажывецкім рынку. У сакавіку бягучага года ва ўсіх рэгіёнах краіны былі праведзены экспрэс-маніторынгі гандлёвых аб’ектаў з акцэнтам на наяўнасць і якасць плодаагародніннай прадукцыі — катэгорыі тавараў, якая традыцыйна выклікае павышаную ўвагу ў міжсезонны перыяд.
Усяго прадстаўнікі прафсаюзаў наведалі 635 магазінаў па ўсёй краіне — ад буйных гандлёвых сетак да магазінаў у сельскай мясцовасці. У ходзе маніторынгаў ацэньваліся асартымент, якасць і даступнасць прадукцыі.
Вынікі паказалі, што ў бягучым годзе сітуацыя на спажывецкім рынку значна адрозніваецца ў параўнанні з аналагічным леташнім перыядам. Калі раней, у міжсезонне, фіксаваліся выпадкі адсутнасці асобных відаў традыцыйнай для беларусаў агародніны, а таксама паступалі звароты грамадзян наконт рэалізацыі няякаснай прадукцыі, то сёлета такіх фактаў практычна няма.
У большасці гандлёвых аб’ектаў, якія наведалі прадстаўнікі прафсаюзаў, прадстаўлены дастатковы асартымент якаснай плодаагародніннай прадукцыі. Таксама неабходна адзначыць наяўнасць у продажы свежых агуркоў і памідораў айчыннай вытворчасці, што сведчыць аб выбудаванай сістэме паставак і эфектыўнай рабоце вытворцаў і гандлёвых арганізацый.
Разам з тым маніторынгі выявілі і асобныя кропкавыя пытанні. Так, у 70 магазінах у розных рэгіёнах краіны на момант маніторынгу адсутнічалі свежыя агуркі. Паводле інфармацыі работнікаў гандлю, асобныя віды прадукцыі, у тым ліку агуркі і памідоры, пастаўляюцца пад заказ спажыўцоў. Такая практыка ў большай ступені характэрна для невялікіх населеных пунктаў.
Варта адзначыць, што нават адзінкавыя сігналы не застаюцца па-за ўвагай. Федэрацыя прафсаюзаў працягвае прымаць звароты праз грамадскія прыёмныя. Практычна кожны выпадак адпрацоўваецца з выездам на месца, што дае магчымасць аператыўна рэагаваць на пытанні, якія ўзнікаюць, і знаходзіць рашэнні ва ўзаемадзеянні з мясцовымі органамі ўлады і рэгулятарамі ў гэтай сферы.
Паказальным прыкладам з’яўляецца работа па зваротах жыхароў сельскай мясцовасці, дзе фіксаваліся выпадкі закрыцця магазінаў. Асобныя сігналы датычыліся розных раёнаў Мінскай вобласці. Па выніках разгляду зваротаў пры ўдзеле прафсаюзаў і мясцовых органаў улады работа гандлёвых аб’ектаў была адноўлена.
Як адзначыў начальнік галоўнага ўпраўлення сацыяльнага партнёрства і працоўных адносін Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі Дзмітрый Аляксейчык, праведзеныя маніторынгі пацвярджаюць, што на сёння спажывецкі рынак функцыянуе стабільна.
— Мы бачым істотныя змены ў параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года — як па асартыменце, так і па якасці прадукцыі. Пры гэтым для прафсаюзаў важна не толькі фіксаваць агульную карціну і тэндэнцыі, але і працаваць з канкрэтнымі зваротамі людзей. Нават адзінкавыя выпадкі адсутнасці тавараў, рэжыму працы ці закрыццё гандлёвых аб’ектаў становяцца прадметам дэталёвай прапрацоўкі. І дзякуючы канструктыўнаму ўзаемадзеянню з сацыяльнымі партнёрамі пытанні вырашаюцца эфектыўна і ў найкарацейшыя тэрміны, — дадаў Дзмітрый Аляксейчык.
Алена КРАВЕЦ