Top.Mail.Ru

Прафсаюзы Беларусі далучыліся да грамадскай ініцыятывы па здачы крыві

Каля 200 чалавек — прадстаўнікі Федэрацыі прафсаюзаў, галіновых прафсаюзаў, прафкамаў сталічных арганізацый і прадпрыемстваў, моладзь — выступілі добраахвотнікамі па здачы крыві. Мерапрыемства, якое прайшло ў нацыянальным прафцэнтры, арганізавана пры падтрымцы РНПЦ трансфузіялогіі і медыцынскіх біятэхналогій.


У Доме прафсаюзаў такая ініцыятыва арганізавана ўжо другі раз. У мінулым годзе падчас аналагічнай акцыі было здадзена каля 150 данацый крыві. Старшыня Беларускага прафсаюза работнікаў аховы здароўя Вячаслаў Шыла адзначыў значнасць мерапрыемства і расказаў, што сёлета ахвотных далучыцца да акцыі стала значна больш.


«На сённяшнюю акцыю запісаліся больш за 400 чалавек. Каля 200 з іх здалі кроў на выязным пункце каля штаб-кватэры ФПБ, а астатнім ахвотным мы прапанавалі далучыцца да ініцыятывы на станцыях нарыхтоўкі пры арганізацыях аховы здароўя сталіцы. Прафактыў шчыра адгукнуўся на такую важную падзею. Людзі прымаюць рашэнне аб здачы крыві, якая выкарыстоўваецца для аказання экстраннай і планавай медыцынскай дапамогі па многіх напрамках. А каб аператыўна рэагаваць на любыя сітуацыі, неабходна, каб запасы крыві былі заўсёды», — дадаў Вячаслаў Шыла.


У сваю чаргу дырэктар РНПЦ трансфузіялогіі і медыцынскіх біятэхналогій Фёдар Карпенка адзначыў актыўнасць прафсаюзнага актыву ў донарскім руху і падзякаваў усім удзельнікам.
«Штодня каля 1 тысячы людзей маюць патрэбу ў аказанні медыцынскай дапамогі з выкарыстаннем кампанентаў крыві. Эрытрацыты, плазма, трамбацыты, якія мы атрымліваем з крыві, штодня выкарыстоўваюцца пры аказанні медыцынскай дапамогі рознага кірунку. Беларусь — адна з нямногіх краін у свеце, якая робіць сучасныя лекавыя сродкі з плазмы крыві. Прыемна, што наш прафсаюз падтрымлівае донарскі рух — гэта вялікая дапамога».

Трэба адзначыць, што па рэкамендацыі медыкаў кожны патэнцыяльны донар напярэдадні праходзіў падрыхтоўку, якая заключалася, напрыклад, у выкананні рэжыму харчавання і адмове ад шкодных звычак.


Працэдура забору крыві ў колькасці 450 мл для аднаго донара доўжылася арыенціровачна 5 хвілін плюс час на афармленне дакументаў да забору крыві. Акрамя таго, з мэтай бяспекі для ўсіх удзельнікаў перад пачаткам працэдуры добраахвотнікі прайшлі адпаведнае медыцынскае абследаванне.

Алена КРАВЕЦ

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю