Top.Mail.Ru
271

Прафсаюзы Беларусі і Татарстана дамовіліся аб узаемадзеянні

У нацыянальным прафцэнтры Беларусі адбылася сустрэча з дэлегацыяй Федэрацыі прафсаюзаў Рэспублікі Татарстан. Вітаючы замежных калег, намеснік старшыні ФПБ Вадзім Грачоў падкрэсліў, што ў прафцэнтраў Беларусі і Татарстана вельмі шмат агульнага, у тым ліку ў гісторыі і практыцы прафсаюзнага руху. Пры гэтым галоўны прынцып работы — канструктыўны дыялог з урадам і наймальнікамі.



— Сіла нашага сацыяльнага партнёрства ў тым, што мы заўсёды дамаўляемся. У нас няма канфрантацыі: нават калі нашы пазіцыі ў чымсьці з урадам або наймальнікамі не супадаюць, мы бярэм паўзу, дапрацоўваем пытанне і знаходзім рашэнне, — падкрэсліў Вадзім Грачоў.

Гэты тэзіс пацвярджаецца практычнымі вынікамі працы. І ў Беларусі, і ў Татарстане дзякуючы дыялогу сацыяльных партнёраў у заканадаўства ўвесь час уносяцца новыя нормы ў інтарэсах чалавека працы.

У гэтым напрамку бакі дамовіліся аб далейшым узаемадзеянні. Пытанне на сёння асабліва актуальнае, паколькі рынак працы імкліва мяняецца, усё больш шырокае распаўсюджванне атрымліваюць нестандартныя формы занятасці — дыстанцыйная і работа праз лічбавыя платформы. Абмен вопытам заканадаўчых прапаноў і ініцыятыў прафсаюзаў па гэтых пытаннях дасць магчымасць выпрацаваць аптымальныя падыходы па далейшаму рэгуляванню сучаснага рынку працы з улікам інтарэсаў працоўных.

Асаблівая ўвага на сустрэчы была ўдзелена маладзёжнай палітыцы ў прафсаюзах. Як было адзначана, для сённяшніх маладых людзей важна, каб прафсаюз не толькі бараніў іх працоўныя правы, але і даваў дадатковыя магчымасці для развіцця, самарэалізацыі. У гэтым плане ў прафсаюзаў Беларусі і Татарстана назапашаны добры вопыт работы. Абмен гэтымі практыкамі будзе садзейнічаць удасканаленню работы з моладдзю.

— У нас вельмі шмат кропак судакранання, — адзначыла ў завяршэнні перамоваў Алена Кузьмічова, старшыня Саюза «Федэрацыя прафсаюзаў Рэспублікі Татарстан». — Вядома, гэтая сустрэча дала вынік для далейшага развіцця нашага прафсаюзнага руху. Мы падзяліліся вопытам сваёй работы і, вядома ж, перанялі напрацоўкі беларускіх калегаў па абароне сацыяльна-працоўных правоў людзей, па матывацыі прафсаюзаў сярод моладзі, па захаванні гістарычных каштоўнасцяў, па працы з ветэранамі. І, канешне, мы будзем укараняць гэты вопыт на сваіх прадпрыемствах.

Алена КРАВЕЦ


arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю