У пачатку красавіка Федэрацыя прафсаюзаў дала старт доўгатэрміноваму рэспубліканскаму праекту «Чыста! Праф! Саюз!». Гэта ініцыятыва прымеркавана да Года добраўпарадкавання, аб’яўленага ў нашай краіне. Галоўная яе мэта — шырокае прыцягненне беларусаў да работы па навядзенні парадку, стварэнню больш камфортных умоў у населеных пунктах, зонах адпачынку і на іншых аб’ектах.
— Трэба адзначыць, што гэты праект знайшоў водгук не толькі ў прафсаюзных актывістаў. Працоўныя калектывы, моладзь — усе ахвотна далучаліся да акцыі. Такая падтрымка — гэта пацвярджэнне таго, што беларусы ніколі не застаюцца ў баку ад грамадска важных спраў. Кожны ўдзельнік разумеў, што робіць важную і патрэбную справу і кожнаму было прыемна бачыць вынік сваёй працы, — расказалі ў Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі. — У цэлым за час, які прайшоў з пачатку старту праекта, па ўсёй краіне праведзена каля 13 тысяч працоўных акцый рознага маштабу.
Напрыклад, напярэдадні летняга аздараўленчага сезона нямала мерапрыемстваў па добраўпарадкаванні прайшлі ў дзіцячых аздараўленчых лагерах. У кожнай вобласці прадстаўнікі прафсаюзаў наводзілі парадак у лагерах з кругласутачным знаходжаннем. Напрыклад, прафактывісты і работнікі філіяла ААТ «ККГ «ММЗ» добраўпарадкавалі тэрыторыю дзіцячага лагера «Церамок», які знаходзіцца ў Стаўбцоўскім раёне. А ў лагеры «Іскра», што ў Мінскай вобласці, калектыў ААТ «МЭТЗ ім. В. І. КАЗЛОВА» правёў маштабныя работы — ад абнаўлення гульнявых, спартыўных, культурных пляцовак да мадэрнізацыі атрадных домікаў.
Безумоўна, у год 80-годдзя Вялікай Перамогі вялікая ўвага ў рамках праекта была нададзена і памятным мясцінам, звязаным з Вялікай Айчыннай вайной. Актывісты не толькі навялі парадак і абнавілі тысячы такіх аб’ектаў, але і правялі ўрачыстыя мерапрыемствы па ўшанаванні подзвігу савецкага народа.
Ва ўвазе прафсаюзных актывістаў таксама і гарадскія зоны адпачынку, тэрыторыі прадпрыемстваў і арганізацый. Цыкл працоўных акцый таксама прайшоў па ўсёй краіне.
Трэба адзначыць, што рэспубліканская акцыя «Чыста! Праф! Саюз!» будзе дзейнічаць на пастаяннай аснове. Гэта магчымасць для кожнага зрабіць добрую і карысную справу для яшчэ больш прывабнай інфраструктуры, камфортнага, сучаснага і бяспечнага жыцця кожнага.
Алена КРАВЕЦ