Прафсаюзныя актывісты ў межах акцыі «Дай лесу новае жыццё!» ужо вызначылі аб’екты для сваёй працы. Большая частка з іх знаходзіцца на найбольш пацярпелых тэрыторыях — Гомельшчыне і Магілёўшчыне. Адмысловая ўвага — аднаўленню ветравальна-бураломных лесасек.
Як расказалі ў прэс-службе Федэрацыі прафсаюзаў, у асобных рэгіёнах мерапрыемствы па лесапасадцы ўжо праведзены. Напрыклад, на тэрыторыі Воранаўскага лясніцтва Віцебскага лясгаса прадстаўнікі абласной арганізацыі прафсаюза работнікаў лесу і прыродакарыстання высадзілі больш за 17 тысяч саджанцаў. А калектыў і прафактыў Палескага радыяцыйна-экалагічнага запаведніка навялі парадак пасля зімы на тэрыторыях Брагінскага, Нараўлянскага і Хойніцкага раёнаў і высадзілі каля 70 тысяч сеянцаў хвоі звычайнай. Да акцыі далучыліся і калектывы філіялаў «Мазырскія электрычныя сеткі» і «Мазырская ЦЭЦ» РУП «Гомельэнерга». Энергетыкі высадзілі каля 10 тысяч сасновых саджанцаў на найбольш пацярпелых участках лясоў Мазыршчыны.
Самыя маштабныя працы прафсаюзы запланавалі на суботу 29 сакавіка. Прадстаўнікі Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі, яе членскіх арганізацый — каля 300 чалавек — правядуць работы па аднаўленні ляснога фонду ў Рэчыцкім раёне. На гэты момант рыхтуецца глеба для будучай лесапасадкі.
Нагадаем, летам гэтага года пасля разгулу стыхіі прафсаюзы актыўна дапамагалі жыхарам пацярпелых населеных пунктаў, садзейнічалі службам і спецыялістам, якія былі прыцягнуты да ліквідацыі наступстваў стыхіі, аказвалі матэрыяльную дапамогу ў выглядзе грашовых сродкаў, а таксама будаўнічых матэрыялаў, тэхнікі і неабходнага абсталявання арганізацыям і асобным грамадзянам.