Сёння «народны» кантроль у гэтай сферы накіраваны не толькі на выяўленне парушэнняў, але перш за ўсё на іх папярэджанне. Тэхнічная інспекцыя працы актыўна ўзаемадзейнічае з наймальнікамі, аказвае кансультацыйную дапамогу кіраўнікам арганізацый, тлумачыць патрабаванні заканадаўства аб працы і ахове працы, расказвае пра ўсе нюансы арганізацыі рабочых месцаў для моладзі.
Работа з маладымі людзьмі, сярод якіх ёсць і непаўналетнія, патрабуе асаблівай увагі. Для гэтай катэгорыі работнікаў устаноўлены абмежаванні па відах работ, працягласці рабочага часу і ўмовах працы.
У час маніторынгаў прафсаюзныя спецыялісты ацэньваюць выкананне рэжыму працы і адпачынку, забяспечанасць работнікаў сродкамі індывідуальнай абароны і спецыяльным адзеннем, іх прымяненне самімі работнікамі, арганізацыю навучання і праходжанне інструктажаў па ахове працы, санітарна-бытавыя ўмовы, наяўнасць памяшканняў для адпачынку і прыёму ежы, умовы пражывання студэнтаў. Галоўная задача грамадскага кантролю – забяспечыць, каб першы працоўны вопыт моладзі праходзіў у бяспечных і камфортных умовах.
Як адзначыў галоўны тэхнічны інспектар працы Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі Павел Манько, большасць арганізацый сёння адказна падыходзяць да пытанняў працаўладкавання ўдзельнікаў студэнцкіх атрадаў. Многія прадпрыемствы супрацоўнічаюць са студатрадамі не першы год, таму неабходныя механізмы арганізацыі работы ўжо адладжаны і паспяхова функцыянуюць.
«Традыцыйна хлопцы і дзяўчаты працуюць у будаўніцтве, сельскай гаспадарцы, прамысловасці, сферы адукацыі, аховы здароўя і па многіх іншых кірунках. Большасць наймальнікаў добра ведаюць патрабаванні заканадаўства і выконваюць іх. Разам з тым наша задача – дапамагчы наймальнікам своечасова ўлічыць усе нюансы і прадухіліць магчымыя памылкі», – адзначаюць прафсаюзныя спецыялісты.
Сярод найбольш распаўсюджаных парушэнняў, якія выяўляе тэхнічная інспекцыя працы ФПБ, – недахопы ў арганізацыі абавязковых медыцынскіх аглядаў, асобныя выпадкі незабеспячэння сродкамі індывідуальнай абароны, парушэнні пры афармленні працоўных адносін, а таксама пытанні, звязаныя з дакументацыяй па ахове працы. У той жа час важна адзначыць, што значная частка такіх заўваг устараняецца аператыўна пасля рэкамендацый прафсаюзных спецыялістаў.
Так, у ліпені – жніўні мінулага года тэхінспектары працы абследавалі каля 300 студэнцкіх атрадаў, выявілі больш за 200 парушэнняў і выдалі 85 рэкамендацый. Разам з тым спецыялісты адзначаюць устойлівую тэндэнцыю да зніжэння колькасці парушэнняў і павышэння ўзроўню прававой культуры наймальнікаў. Гэтаму садзейнічае сістэмная комплексная прафілактычная работа як прафсаюзаў, так і іншых зацікаўленых ведамстваў.
Павел Манько падкрэсліў, што ўдзел у студэнцкім атрадзе павінен прыносіць маладым людзям не толькі першы прафесійны вопыт і заробак, але і ўпэўненасць у тым, што іх працоўныя правы абаронены, а работа арганізавана ў адпаведнасці з усімі патрабаваннямі заканадаўства. Менавіта таму кантроль за ўмовамі працы ўдзельнікаў студатрадаў застаецца адным з важных напрамкаў прафсаюзнай дзейнасці ў перыяд летняга працоўнага семестра.
Алена КРАВЕЦ