Top.Mail.Ru
236

Прафсаюзы ўкараняюць новыя падыходы па кантролі за аховай працы ў сельскай гаспадарцы

Удасканаленне работы па ахове працы, умацаванне працоўнай і вытворчай дысцыпліны, стварэнне ўмоў для высокапрадукцыйнай і бяспечнай працы ў сельгасарганізацыях — гэтыя пытанні абмяркоўваліся сёння на рэспубліканскім семінары-нарадзе, арганізаваным Федэрацыяй прафсаюзаў сумесна з галіновым прафсаюзам работнікаў аграпрамысловага комплексу. Мерапрыемства, якое сабрала каля 100 чалавек з розных рэгіёнаў, адбылося на пляцоўках сельскагаспадарчых прадпрыемстваў Гомельшчыны — «Эксперыментальная база «Крынічная» і «Мазыртэхсэрвіс».



Тэма вытворчага траўматызму, асабліва напярэдадні ўборачнай кампаніі — самай «гарачай» пары ў сельскай гаспадарцы, — па-ранейшаму застаецца актуальнай для галіны. Толькі з пачатку гэтага года 11 работнікаў сельскай гаспадаркі загінулі на вытворчасці, яшчэ 36 атрымалі цяжкія траўмы. Пры гэтым шматлікіх траўм удалося пазбегнуць: дзякуючы прафсаюзам былі выяўлены і ліквідаваны тысячы парушэнняў у сферы аховы працы, якія маглі стаць прычынай няшчаснага выпадку.

— Большасць траўм — гэта не выпадковасць, а заканамерны вынік парушэння тых ці іншых нормаў як наймальнікамі, так і самімі работнікамі, — падкрэсліў падчас семінара старшыня ФПБ Юрый Сянько і звярнуў асаблівую ўвагу ўдзельнікаў мерапрыемства на неабходнасць прынцыповага рэагавання на ўсе недахопы ў арганізацыі працы, а таксама на ролю прафсаюзаў у выкананні на прадпрыемствах і арганізацыях выканальніцкай і вытворчай дысцыпліны.

У сваю чаргу старшыня галіновага прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу Васіль Хвацік звярнуў увагу на той факт, што з году ў год прычыны многіх няшчасных выпадкаў паўтараюцца. І ў топе па-ранейшаму менавіта чалавечы фактар. Рамонтныя працы пры ўключаным рухавіку, невыкарыстанне сродкаў індывідуальнай абароны, парушэнне працоўнай дысцыпліны — усё гэта прыводзіць да трагічных наступстваў.

Што датычыцца парушэнняў з боку наймальнікаў, то сярод тыповых — невыкананне абавязкаў па арганізацыі вытворчасці, допуск да работ з павышанай небяспекай супрацоўнікаў, якія не прайшлі навучанне, інструктаж і праверку ведаў, незабеспячэнне або частковае забеспячэнне сродкамі індывідуальнай аховы і іншыя.

Усё гэта сведчыць аб неабходнасці шукаць новыя падыходы да вырашэння праблем аховы працы. Гэтаму пытанню на семінары таксама была ўдзелена павышаная ўвага. У дадатак да стандартных формаў грамадскага кантролю і прафілактыкі, прафсаюзныя спецыялісты розных галін усё часцей укараняюць лічбавыя распрацоўкі для выяўлення рызык траўміравання і пастаяннага кантролю за станам здароўя работнікаў, наяўнасці неабходных сродкаў індывідуальнай абароны, навучання пытанням аховы працы. Ужываюцца ў практыцы і мабільныя дадаткі, якія дазваляюць кіраўнікам аператыўна рэагаваць на выяўленыя на месцах недахопы ў арганізацыі працоўнага працэсу. І як паказвае досвед, такія падыходы павышаюць эфектыўнасць працы па прафілактыцы вытворчага траўматызму.

Неабходна адзначыць, што 2025 год праходзіць пад знакам бяспечнай працы ў сельскай гаспадарцы. З пачатку года праводзяцца комплексныя мерапрыемствы па паляпшэнні ўмоў і аховы працы работнікаў галіны. Да ўсёй гэтай работы падключаны і Беларускі прафсаюз работнікаў аграпрамысловага комплексу. Наймальнікам і работнікам аказваецца практычная і метадычная дапамога па стварэнню бяспечных умоў работы, пераглядаюцца, актуалізуюцца інструкцыі, укараняюцца новыя падыходы, у тым ліку з выкарыстаннем сучасных тэхналогій, па штодзённым кантролі за выкананнем норм аховы працы.

Алена КРАВЕЦ


arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю