На нядаўняй сустрэчы старшыні Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі Юрыя Сянько з кіраўніком дзяржавы ішла размова ў тым ліку і аб удзеле прафсаюзных арганізацый ва ўборачнай кампаніі. Для паляпшэння ўмоў працы і быту работнікаў прафсаюзы аказваюць фінансавую і матэрыяльную падтрымку сельскагаспадарчым арганізацыям. Сродкі накіроўваюцца на закупку халадзільнікаў, пральных машын, мікрахвалевых печаў для абсталявання санітарна-бытавых памяшканняў, набыццё інвентару для арганізацыі харчавання працаўнікоў, аптэчак, танометраў, спецадзення і інш. І, вядома ж, — на заахвочванне перадавікоў вытворчасці.
Ад камбайнераў да кухараў
Юрый Сянько расказаў, што летась у ходзе ўборачнай кампаніі было заахвочана 8,9 тысячы работнікаў.
— Ад камбайнераў да кухараў — усе ўдзельнікі, якія так ці інакш былі задзейнічаны ў жніве, на ўборцы ўраджаю. Пастараліся максімальна ахапіць усіх — і тых, хто прыгатаваў смачную ежу, і, безумоўна, тых, хто рабіў наш каравай больш важкім, — падкрэсліў старшыня Федэрацыі прафсаюзаў.
Сёлета таксама працягваецца традыцыйная работа па ўшанаванні найлепшых працаўнікоў жніва, у тым ліку маладзёжных, сямейных экіпажаў. У гэтым сезоне першым тысячнікам краіны стаў механізатар СВК «Гродзенскі» Сяргей Шантыр. Адметны вынік аграрый прадэманстраваў на ўборцы азімага ячменю, намалаціўшы запаветныя тоны за чатыры дні. Ураджайнасць культуры склала 105 цэнтнераў з гектара. Сяргей Шантыр працуе на прадпрыемстве 15 гадоў, а ў сельскай гаспадарцы — ужо чвэрць стагоддзя. За гэты час неаднаразова станавіўся перадавіком. Асабліва паспяховым стаў 2024 год — мужчыну ўшаноўвалі як шасцітысячніка.
Тады ён завяршыў сезон на адзнацы, якая ўражвае, — 6,8 тысячы тон. І сёння механізатар настроены захаваць лідарскія пазіцыі, працуе, як заўсёды, з поўнай аддачай.
Перадавіка жніва павіншавалі прадстаўнікі мясцовай улады, прафсаюза і кіраўніцтва гаспадаркі. Старшыня Гродзенскай абласной прафсаюзнай арганізацыі Беларускага прафсаюза работнікаў АПК Міхаіл Сіцько адзначыў, што летась у рэгіёне было звыш 800 тысячнікаў, а гэта каля 70 % ад усяго парка камбайнаў, і выказаў надзею, што сёлета іх будзе яшчэ больш. Дарэчы, прынята рашэнне павялічыць памер узнагарод для пераможцаў спаборніцтва па ўборцы збожжавых і зернебабовых. Таксама ўзрасла і колькасць намінантаў.
На кантролі — ахова працы
На пастаяннай аснове аказваецца дапамога наймальнікам у стварэнні бяспечных умоў працы. Прафсаюзы накіраваны на выяўленне патэнцыяльных вытворчых рызык, здольных прывесці да траўміравання работнікаў, і правядзенне прафілактычнай работы ў працоўных калектывах. Дзейнасць па прафілактыцы вытворчага траўматызму, якая праводзіцца
з сацыяльнымі партнёрамі, дае свой плён. Адзначаецца зніжэнне колькасці няшчасных выпадкаў у галіне.
У прыватнасці, напярэдадні ўборачнай Федэрацыя прафсаюзаў сумесна з галіновым прафсаюзам работнікаў аграпрамысловага комплексу правяла рэспубліканскі семінар-нараду, дзе разглядаліся пытанні ўдасканалення работы па ахове працы, умацавання працоўнай і вытворчай дысцыпліны, стварэння ўмоў для высокапрадукцыйнай і бяспечнай працы ў сельгасарганізацыях. У цэнтры ўвагі прафсаюзаў падчас наведвання сельгаспрадпрыемстваў цяпер гатоўнасць сельгастэхнікі і зернесушыльных комплексаў да ўборачнай, выпуск тэхнікі на лінію, аснашчэнне санітарна-бытавых памяшканняў, правядзенне прыборнага кантролю вадзіцеляў транспартных сродкаў на прадмет алкагольнага ап’янення і ў цэлым кантроль стану здароўя аграрыяў, выканання патрабаванняў супрацьпажарнай бяспекі.
— Зона нашай адказнасці — захаванне здароўя і жыцця чалавека, стварэнне добрых умоў працы, — падкрэсліў старшыня прафсаюза работнікаў АПК Васіль Хвацік, адзначыўшы, што сумесна з прафсаюзам аховы здароўя, міністэрствамі аховы здароўя і сельскай гаспадаркі прапрацавана гэта пытанне. — Цяпер прама на поле падчас абеду прыязджае ўрач або фельчар з ФАПа, каб ацаніць стан работнікаў, занятых на палявых работах, і своечасова аказаць дапамогу, а можа і выратаваць жыццё. Не толькі кантралюем іх самаадчуванне, але і нацэльваем на тое, каб працаўнікі мелі доступ да танометраў. Калі чалавеку стала дрэнна, каб ён мог памераць ціск і тут жа атрымаць медыцынскую дапамогу.
Рэагаваць неадкладна
Для аператыўнага рэагавання на праблемныя і спрэчныя сітуацыі, звязаныя з умовамі, аплатай працы ўдзельнікаў жніва, у Федэрацыі прафсаюзаў з пачатку ліпеня дзейнічае шматканальны тэлефонны нумар. Са жніўня ён будзе працаваць штодзень, без выхадных і свят, з 8.00 да 20.00. Прадстаўнікі прафсаюзаў гатовы неадкладна рэагаваць на ўсе пытанні працоўных, занятых на ўборцы ўраджаю. Звароты прымаюцца па нумары 8 801 100 1111 (званок бясплатны для абанентаў «Белтэлекама» і мабільных аператараў (A1, МТС, БеСТ (Lіfe).
— Прыём зваротаў вядзецца ў Міжгаліновым маніторынгавым цэнтры ФПБ, які дзейнічае з мая гэтага года. У перыяд уборачнай кампаніі асаблівая ўвага спецыялістаў цэнтра накіравана на аказанне дапамогі аграрыям, — расказалі ў прэс-службе ФПБ.
Забяспечанасць спецадзеннем і сродкамі індывідуальнай абароны, расцэнкі пры выкананні работ і аплата працы ў цэлым, арганізацыя харчавання, належныя санітарна-бытавыя ўмовы — па ўсіх гэтых і іншых пытаннях прафсаюзы гатовы аказаць неабходную падтрымку. У тым ліку пры неабходнасці будзе арганізаваны выезд спецыялістаў на месца для ўдакладнення сітуацыі.
Дарэчы, такая практыка ў прафсаюзах дзейнічае не ўпершыню, і яна даказала сваю эфектыўнасць. Летась пасля звароту працаўнікоў на гарачую лінію прафсаюзаў былі аператыўна вырашаны пытанні па паляпшэнні ўмоў працы, выплаце прэміяльных узнагарод і інш.