Прэзентацыя пройдзе 3 ліпеня на Кургане Славы ў межах культурна-забаўляльнай праграмы. Арганізатарамі выступаюць Мінскае абласное аб’яднанне прафсаюзаў сумесна з абласнымі арганізацыямі галіновых прафсаюзаў.
Тэматычныя выставы, якія раскрываюць прафесійную дзейнасць людзей розных прафесій, майстар-класы для ўсіх наведвальнікаў свята і інтэрактыўныя зоны, якія прадэманструюць аспекты працы, — гэта далёка не ўсе сюрпрызы для гасцей прафсаюзнай лакацыі. У цэлым задача пляцоўкі — падкрэсліць значнасць і важнасць мірнай працы, уклад кожнага грамадзяніна ў развіццё Беларусі.
Як расказала старшыня Мінскага абласнога аб’яднання прафсаюзаў Таццяна Гур’ева, асаблівасць інтэрактыўнай пляцоўкі ў тым, што тут можна будзе не проста даведацца, як працуюць прадстаўнікі той ці іншай прафесіі, але «прымерыць на сябе» гэтыя функцыі. Самым дапытлівым будзе прапанавана азнаёміцца з усімі прадстаўленымі прафесіямі, прайсці квэст, адказаць на пытанні віктарыны і атрымаць прызы.
Так, на «Фестывалі прафесій» госці свята змогуць не толькі азнаёміцца з сутнасцю тых ці іншых прафесій, але і развіць базавыя навыкі ў новай для сябе справе. Напрыклад, прафсаюз работнікаў аховы здароўя на сваёй пляцоўцы прадставіць прафесію медсёстры, а таксама прапануе гасцям памераць ціск, даведацца пра свой рост і вагу, падлічыць індэкс масы цела і дасць рэкамендацыі па пытаннях здароўя. Для тых, хто хоча навучыцца рабіць ўнутрымышачныя ін’екцыі, будзе арганізаваны майстар-клас на муляжах.
А прафсаюз работнікаў АПК прадставіць прафесію агранома і пачастуе вынікамі яго працы — гароднінай і садавінай, правядзе з гасцямі інтэрактыўную гульню, у рамках якой прэзентуе збожжавыя культуры новага ўраджаю і прапануе адгадаць назву злакаў па вонкавым выглядзе збожжа.
Прэзентацыю прафесіі прадаўца правядуць навучэнцы і выкладчыкі Мінскага філіяла Беларускага гандлёва-эканамічнага ўніверсітэта спажывецкай кааперацыі. Пакупнікоў будзе «абслугоўваць» сапраўдны рарытэт — касавы апарат з 20 стагоддзя. Кожны ахвотны зможа паспрабаваць сябе ў якасці прадаўца-касіра. Чакае гасцей і дэгустацыя кандытарскіх і хлебабулачных вырабаў
Прафсаюз работнікаў Белэнергатапгаз прадставіць прафесію электраманцёра і прапануе гасцям прайсці інтэрактыўную схему «Электрычны канструктар», прымерыць сродкі індывідуальнай абароны і азнаёміцца з работай паказальніка высокай напругі, устройства бяспечнага зазямлення і рэзкі кабелю.
Прафесію паштальёна прэзентуе Мінская абласная арганізацыя прафсаюза работнікаў сувязі сумесна з Мінскім філіялам РУП «Белпошта». У арсенале сучаснага паштальёна не толькі вялікая торба з перыёдыкай і пісьмамі, але і маркі з дапоўненай рэальнасцю, кампактная прылада «Мабільны паштальён», з дапамогай якога можна аформіць падпіску на цікавае выданне, не выходзячы з дома, а таксама аплаціць розныя паслугі. Таксама госці пляцоўкі змогуць бясплатна адправіць святочную паштоўку з Кургана Славы сваім блізкім.
Арыгінальна будуць прадстаўлены таксама і іншыя прафесіі — швачкі, сацыяльнага работніка, муляра, пілота грамадзянскай авіяцыі, вальшчыка лесу, банкаўскага работніка і многіх іншых. Час працы ўсіх інтэрактыўных лакацый на Кургане Славы — з 11.00 да 18.00.