Сустрэчы з працоўнымі калектывамі, моладдзю, ветэранамі ў фармаце круглых сталоў, дыялогавых пляцовак, тэматычных інтэлектуальных гульняў і квізаў — мерапрыемствы стартавалі яшчэ ў пачатку верасня. Акрамя таго, прафсаюзы ладзяць маштабныя форумы і акцыі, велапрабегі, арганізоўваюць тэматычныя патрыятычныя экскурсійныя і канцэртныя праграмы, конкурсы.
Так, напрыклад, Беларускі прафсаюз работнікаў лесу і прыродакарыстання сёння правёў круглы стол, на які запрошаны і маладыя спецыялісты, і ветэраны галіны лясной гаспадаркі — усяго каля 80 удзельнікаў, якія не толькі ўспомняць гісторыю, але і абмяркуюць развіццё сферы і краіны ў цэлым. Яшчэ адну дыялогавую пляцоўку пад назвай «Ствараем будучыню РАЗАМ» рыхтуецца правесці прафсаюз работнікаў транспарту і камунікацый. Больш за 100 чалавек — працоўная моладзь прадпрыемстваў Беларускай чыгункі, члены маладзёжнага савета галіновага прафсаюза — сустрэнуцца на базе Акадэміі авіяцыі.
А моладзь і ветэраны прафсаюза работнікаў энергетыкі, газавай і паліўнай прамысловасці збяруцца на адной пляцоўцы і прымуць удзел у інтэлектуальнай гульні-квізе «Моц у адзінстве». У яе межах будуць разгледжаны пытанні культурнай і гістарычнай спадчыны, памятныя даты і падзеі нашай краіны.
Маштабна рыхтуюцца сустрэць Дзень народнага адзінства і работнікі сферы адукацыі і навукі. 16 верасня ў сталіцы стартуе велапрабег «Дарогамі памяці». Удзельнікаў — звыш 800 чалавек. Гэта работнікі галіны, рэктарскі корпус, навучэнцы і студэнты розных навучальных устаноў з Мінска і Мінскай вобласці. Трэба адзначыць, што велапрабегі для прадстаўнікоў сферы адукацыі будуць арганізаваны ва ўсіх рэгіёнах краіны.
Як адзначылі ў прэс-службе Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі, тэматыка і напрамак кожнага мерапрыемства ўлічвае інтарэсы і запыты людзей.
— Сёння мы бачым, наколькі работнікам абсалютна розных галін, з розных рэгіёнаў блізкая і актуальная тэма захавання гістарычнай памяці. Людзям важна абмеркаваць і будучыню краіны. Правядзенне такіх тэматычных мерапрыемстваў — гэта і магчымасць атрымаць зваротную сувязь, пачуць прапановы і ініцыятывы беларусаў, — дадалі ў прэс-службе ФПБ. — Акрамя таго, на кожнае мерапрыемства прафсаюзы запрашаюць моладзь. Гэта тая аўдыторыя, якая асабліва патрабуе актыўнага дыялогу. Маладыя людзі імкнуцца развівацца і прафесійна расці, быць небезуважнымі. І ўжо сёння многія, успамінаючы гістарычнае мінулае Беларусі, разумеюць, што адзінства мы ўмацоўваем у тым ліку і сваёй працай.
Трэба адзначыць, што тэматычныя акцыі, прымеркаваныя да Дня народнага адзінства, будуць праходзіць на працягу ўсяго верасня.
Алена КРАВЕЦ