Top.Mail.Ru

Прафсаюзы пашыраюць турыстычную інфраструктуру на Браслаўскіх азёрах

Новы гасцінічны дом адкрыўся на тэрыторыі прафсаюзнай базы адпачынку «Браслаўскія азёры». Сучасныя добраўпарадкаваныя нумары будуць прымаць гасцей круглы год, у тым ліку аматараў актыўнага турызму, паведамілі БелТА ў прэс-службе Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі.


Галоўная задача праграмы — павысіць якасць турыстычных і аздараўленчых паслуг, стварыць камфортныя ўмовы для адпачынку, умацавання здароўя, заняткаў фізічнай культурай, спортам і турызмам. Як адзначыла намеснік старшыні ФПБ Валянціна Акудовіч, развіццё сферы адпачынку, аздараўлення і турызму мае стратэгічнае значэнне. Стварэнне новых аб’ектаў турыстычнай інфраструктуры з’яўляецца часткай маштабнай работы прафсаюзаў па паляпшэнні ўмоў адпачынку грамадзян.

Мадэрнізацыя прафсаюзных аб’ектаў вядзецца і ў іншых рэгіёнах краіны. У лютым завершана абнаўленне аднаго з буйных турысцка-аздараўленчых комплексаў у Мінскай вобласці, дзе асаблівую ўвагу ўдзялілі стварэнню безбар’ернага асяроддзя для людзей з абмежаванымі магчымасцямі. У чэрвені ўведзены ў эксплуатацыю новы катэдж у санаторыі Віцебскай вобласці і корпус на тэрыторыі дома адпачынку пад Мінскам. Аб’екты разлічаны на выкарыстанне круглы год.

Прадаўжаецца мадэрнізацыя карпусоў у іншых прафсаюзных здраўніцах. Акрамя таго, вядзецца падрыхтоўка да рэканструкцыі школы на тэрыторыі санаторыя ў Гродзенскай вобласці і аздараўленчага цэнтра ў раёне возера Нарач. Развіццё інфраструктуры суправаджаецца пашырэннем магчымасцяў для ўнутранага турызму. Прафсаюзны тураператар працуе па ўсіх 13 напрамках індустрыі падарожжаў — ад гісторыка-культурнага і экалагічнага да прамысловага турызму.

Адной з пераваг для членаў прафсаюзаў застаецца пастаянная скідка ў памеры 25% на размяшчэнне і аздараўленне ў прафсаюзных гасцініцах, санаторыях і на базах адпачынку. Яна распаўсюджваецца і на новы гасцінічны дом на Браслаўскіх азёрах.

Адкрыццё новага аб’екта стала чарговым этапам рэалізацыі праграмы Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі па развіцці і добраўпарадкаванні здраўніц, баз адпачынку і іншых турыстычных аб’ектаў па ўсёй краіне. Да 2029 года ў рамках праграмы плануецца правесці больш за 300 мерапрыемстваў. У прыватнасці, на тэрыторыі Браслаўскіх азёр прадугледжана будаўніцтва яшчэ чатырох гасцявых домікаў.

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю