Top.Mail.Ru

Прафсаюзы правераць асартымент школьных тавараў у магазінах краіны

Прафсаюзы правераць асартымент школьных тавараў у магазінах краіны, паведамілі БелТА ў прэс-службе Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі.

Маніторынг на працягу жніўня дасць магчымасць ацаніць, наколькі неабходны пералік тавараў да школы прадстаўлены ў розных рэгіёнах, а таксама пры наяўнасці праблемных пытанняў будзе садзейнічаць іх аператыўнаму вырашэнню.

«Такі аналіз прафсаюзы праводзяць не ўпершыню. Як правіла, гандлёвыя аб’екты краіны адказна рыхтуюцца да школьнага сезона. Але ўсё ж практыка паказвае, што ў буйных і невялікіх населеных пунктах сітуацыя можа некалькі адрознівацца, — расказалі ў ФПБ. — Таму на працягу месяца нашы спецыялісты будуць наведваць магазіны і школьныя базары як у абласных, так і ў раённых цэнтрах, каб ацаніць, ці ўсё неабходнае для збору дзяцей у школу ёсць на месцах».

Пералік тавараў, наяўнасць якіх будуць маніторыць прадстаўнікі прафсаюзаў, вельмі шырокі: адзенне і абутак для хлопчыкаў і дзяўчынак розных узроставых груп (пінжакі, камізэлькі, штаны, спадніцы, кашулі, касцюмы і інш.), а таксама канцылярскія тавары — ад рукзакоў, дзённікаў і сшыткаў да фарбаў і набору каляровай паперы. Пры гэтым звяртаць увагу прадстаўнікі прафсаюзаў будуць не толькі на наяўнасць, але і асартымент па кожнай пазіцыі, а таксама вытворцу прадукцыі.

У выпадку адсутнасці таго ці іншага тавару прафсаюзы будуць аператыўна адпрацоўваць кожны выпадак з мясцовымі органамі ўлады, а пры неабходнасці і з айчыннымі прадпрыемствамі-вытворцамі.

Жыхары Беларусі могуць самі паведаміць прафсаюзам аб недахопе тых ці іншых тавараў. Заўвагі, пытанні, прапановы па ўдасканаленні сітуацыі на спажывецкім рынку можна адправіць у любы час без рэгістрацыі праз спецыяльны сэрвіс на афіцыйным інтэрнэт-партале ФПБ. Кожны зварот аператыўна і дэталёва вывучаецца, пры неабходнасці прымаюцца меры рэагавання.


arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю